Былы знаёмы спартоўкі Юліі Балыкінай цалкам прызнаўся ў ейным забойстве


Судзяць маладзёна ў Менскім гарадскім судзе. Паводле абвінавачання, хлопец, з якім лёгкаатлетка пазнаёмілася ў сацыяльных сетках, пад уздзеяннем наркотыкаў пасварыўся з ёю ды 12 разоў ударыў малатком па галаве і целе.

Падсудны Дзмітрый Вішталюк нарадзіўся ў 1987 годзе. Раней ён не быў судзімы, мае расейскі пашпарт. Да затрымання мужчына арэндаваў кватэру ў менскім мікрараёне Уручча. Афіцыйна нідзе не працаваў, але падпрацоўваў на мантажы нацяжных столяў. Мужчына быў грамадзянскім мужам забітай беларускай чэмпіёнкі.

На судзе дзяржаўны абвінаваўца распавяла, што забойства адбылося ў кватэры па вуліцы Алтайскай ў Менску. Мужчына стукнуў Балыкіну не менш за 12 разоў, прычым 11 разоў — па галаве. Балыкіна памерла ад адкрытай чэрапна-мазгавой траўмы.

Распавядаючы пра дзень забойства 28 кастрычніка, абвінавачаны сказаў, што мусіў перарабіць у кватэры Балыкінай нацяжную столь у ванным пакоі. Спярша ён спазніўся на гадзіну, а потым пашкодзіў палатно. Дзяўчына пачала на яго крычаць і гавварыць, што ён нічога не ўмее.

У руках Дзмітрыя ў той момант быў драўляны малаток, якім ён пачаў наносіць ёй удары. Спачатку 5-6 удараў, калі стаяў на ўслоне ў ванным пакоі. Потым ён саскочыў на падлогу і яшчэ некалькі разоў стукнуў дзяўчыну, якая спрабавала захінацца рукамі. Балыкіна пачала хрыпець. Хуткую дапамогу ён не выклікаў, але чаму — цяпер не тлумачыць.

Вішталюк таксама прызнаў, што скраў ейны аўтамабіль, на якім вывез цела, загорнутае ў поліэтыленавай плёнцы, у лес. Аўтамабіль кінуў непадалёк ад Жодзіна, а цела схаваў пад мохам у Смалявіцкім раёне.

Юлія Балыкіна знікла напрыканцы кастрычніка 2015 года. Яна не вярнулася дадому і перастала выходзіць на сувязь. Праз некалькі дзён па падазрэнні ў забойстве спартсменкі міліцыя затрымала ейнага знаёмага.

ДР, belsat.eu паводле belta.by

Стужка навінаў