Былы выкладчык БДУ збудаваў бізнес на курсавых і дыпломных


Часам студэнты-завочнікі набываюць пісьмовыя працы цэлымі групамі. Вы ведалі, што тады можна атрымаць зніжку? Пра цэны і камерцыйныя хады, пра сваіх пакупнікоў, пра канкурэнцыю гаворыць той, для каго пісаць пад замову – асноўная крыніца даходу.

Тры гады таму Сяргей зарэгістраваўся як індывідуальны прадпрымальнік. З таго часу ён афіцыйна дапамагае студэнтам пісаць кантрольныя, курсавыя і дыпломныя працы. За плячыма ў Сяргея ўніверсітэт, магістратура і аспірантура. Адукацыя гуманітарная, таму за працы па вышэйшай матэматыцы не бярэцца.

«Гэта бізнес. І канкурэнцыя тут вялікая. Я працую адзін. Спрабаваў прыцягнуць іншых людзей, але мала хто на доўга затрымліваецца. Адна справа напісаць працу. Іншае, што потым пачынаюць насіць на дапрацоўку. Трэба знаходзіць час, выпраўляць. Ва ўніверсітэтах жа ёсць практыкі, калі на дапрацоўку вяртаюць абавязкова і па некалькі разоў», – кажа Сяргей.

Купляюць працы студэнты, якія не маюць доступу да камп’ютара

Як зазначае былы выкладчык, набываюць працы пераважна завочнікі. Больш хлопцы, але таксама шмат маладых мам. Ёсць студэнты, якія жывуць у сельскай мясцовасці і не маюць доступу ні да інтэрнэту, ні да камп’ютара. Ім працы Сяргей дасылае па пошце. У гэтым выпадку аплата затрымлівацца, часам не некалькі месяцаў. Студэнт можа прывезці грошы ўжо калі прыязджае на сесію.

«Разумею, што гэта мой хлеб, але я супраць завочнай формы навучання. З кожным годам яно ўсё горш і горш. Наша краіна – у лідарах па колькасці людзей з вышэйшай адукацыяй. Аднак гэта не паказальнік. Я пайшоў атрымліваць другую вышэйшую адукацыю завочна больш з цікавасці. Паглядзець, як працуе гэтая сістэма. І шчыра, была б мая воля, адмяніў бы. Дарэчы, якасць дзённага навучання таксама падае», – мяркуе былы выкладчык.

Ён параўноўвае патрабаванні да прац розных універсітэтаў і лічыць, што сёння самыя высокія – у ЕГУ. Без бібліятэкі тут ніяк не абысціся. Цана ад гэтага павялічваецца ў некалькі разоў.

Некаторыя беларускія ўніверсітэты выкарыстоўваюць праграмы, якія правяраюць працы на плагіят. Але Сяргей не лічыць гэта праблемай. Дастаткова замяніць словы сінонімамі, і сістэма ўжо не разумее, што тэкст па-ранейшаму не аўтарскі.

Тыя, хто ўвесь час піша ўніверсітэцкія працы, звычайна стварае шаблоны. То бок захоўвае напрацоўкі, літаратуру. Паколькі з года ў год з адных і тых жа курсаў і кафедраў звяртаюцца новыя студэнты, гэтыя шаблоны паскараюць працу.

Студэнтаў падманваюць

«Калі мне тэлефануюць замоўцы, кажу, каб спрабавалі пісаць самі. Я стаўлюся да гэтага як да працы. Проста механіка. А ёсць тэмы, якія патрабуюць, каб у іх укладвалі душу. Альбо вельмі складаныя тэмы, над якімі сапраўды трэба сядзець. Ад такіх я часцей адмаўляюся, бо нявыгадна займацца. Часам студэнты плачуць у трубку, кажуць, што іх кінулі і просяць дапрацаваць работы. На самой справе, благіх аўтараў, несумленных у гэтым бізнесе адсоткаў 60», – заўважае Сяргей і тлумачыць, як дураць студэнтаў.

Ёсць цэлыя фірмы, якія займаюцца напісаннем прац. З-за іх пасярэдніцтва выніковая цана работы ўзрастае. Часам студэнт можа пераплаціць нават 50 працэнтаў толькі з-за таго, што звярнуўся не да канкрэтнай асобы, а да фірмы. Да таго ж, не ўсе фірмы бяруць работы на дапрацоўку.

Бывае, што некаторыя бізнесмены проста спампоўваюць працы са спецыяльных парталаў, раздрукоўваюць і прадаюць студэнтам.

Сярэднія кошты на кантрольныя, курсавыя і дыпломныя

А таксама мінімальная колькасць часу, якая спатрэбіцца Сяргею на выкананне замовы, калі студэнту вельмі гарыць:

Праца

Кошт (тысяч рублёў)

Мінімальная колькасць часу на выкананне

Кантрольная работа

150

Гадзіна

Курсавая работа (тэорыя)

450–500

Калі ёсць шаблон – 30 хвілін

Калі няма шаблона – 3 гадзіны

Курсавая работа (практыка)

500–700

Без шаблона 4,5 гадзіны

Дыпломная работа

1500–1800

8–12 гадзін

«Мы сваім бізнесам, можна сказаць, падвышаем узровень адукацыі. Таму што выкладчыкі бачаць нашы работы і думаюць, што іх напісалі вучні. А значыць, можна патрабаваць такога і ад астатніх. Увогуле ў арганізацыі навучальнага працэсу ва ўніверсітэце ёсць зрухі. З’яўляюцца добрыя навучальна-метадычныя комплексы, шмат кніг выкладаюць у інтэрнэт для свабоднага спампоўвання і карыстання. Праблема ў студэнтах. Ім гэта не трэба. Яны хочуць проста корку. І тут дастаткова атрымаць 4 ці 5», – падсумоўвае Сяргей.

Студэнты набытыя працы могуць нават не прачытаць

Студэнтка-завочніца трэцяга курса Ангеліна шукала чалавека, які напісаў ёй курсавую, праз сяброўку: «Набываю, бо часам нават не разумею тэмы, па якой трэба штосьці пісаць. Альбо калі трэба здаць на беларускай мове. Працу сваю я не перачытвала і атрымала за яе 6 балаў».

Студэнтка-завочніца Марына не піша, бо не хоча і не ўмее: «Набываю і кантрольныя, і курсавыя. Потым толькі вачыма прабягаюся па тэксце, асабліва не вычытваю. Адзнакі за іх сярэднія, 5-7».

Сёння бізнес, збудаваны на студэнтах, перажывае крызіс. У апошнія месяцы кошты на кантрольныя і курсавыя рэзка падскочылі: нават да 30 працэнтаў. Адны студэнты просяць пачакаць з аплатай, іншыя – адмаўляюцца ад папярэдніх замоў.

Некаторыя ўніверсітэты ідуць па шляху Балонскай сістэмы і замест напісання цягам некалькіх месяцаў кантрольных і курсавых уводзяць іншыя формы праверкі ведаў. Гэта яшчэ адзін фактар, які ўплывае на попыт. І не на карысць гандляроў.

Настасся Маланка, belsat.eu

Стужка навінаў