Былы трэнер БАТЭ прывёў свой цяперашні клуб да Суперкубка Расеі


Галкіпер і капітан ЦСКА Ігар Акінфееў разам з камандай святкуе перамогу ў матчы за Суперкубак Расеі на цырымоніі ўзнагароджання. ЦСКА выйграў 1: 0 у авертайме. 27 ліпеня 2018 года. Ніжні Ноўгарад. Фота – Міхаіл Салунін/ТАСС/Forum

ЦСКА пад кіраўніцтвам беларускага трэнера Віктара Ганчарэнкі ў матчы за Суперкубак Расеі перамог маскоўскі «Лакаматыў» у дадатковы час з мінімальным лікам 1: 0. Пераможны гол забіў Хетагу Хосонаў, які вызначыўся на 106-й хвіліне гульні. Матч прайшоў у Ніжнім Ноўгарадзе.

Дзякуючы перамозе, ЦСКА пабіў уласны рэкорд па колькасці заваяваных Суперкубкаў Расеі: трафей стаў для клубу сёмым.

У гульнях за Суперкубак, якія адкрываюць новы сезон, звычайна сустракаюцца чэмпіён і ўладальнік Кубка. У мінулым сезоне Кубак Расеі ўпершыню ў гісторыі выйгралі футбалісты «Тосна» з Ленінградскай вобласці, але пазней клуб спыніў існаванне і замест яго з расейскім чэмпіёнам «Лакаматывам» за Суперкубак змагаўся сярэбраны прызёр ЦСКА.

Віктар Ганчарэнка стаў галоўным трэнерам «армейцаў» у снежні 2016-м. Фота – прэсавая служба ЦСКА

Пад кіраўніцтвам Ганчарэнкі каманда два разы запар займала другое месца ў чэмпіянаце Расеі і дайшла да 1/4 фіналу Лігі Еўропы.

У 56 матчах з Ганчарэнкам «чырвона-сінія» атрымалі 32 перамогі, яшчэ 11 сустрэчаў завяршыліся ўнічыю. Беларускі спецыяліст – адзін з лепшых трэнераў у гісторыі клубу па адсотку перамог – 57,14 %.

На мінулым тыдні клуб працягнуў кантракт з Ганчарэнкам да канца сезону 2019/20.

У 2007–2013 гадах Ганчарэнка займаў пасаду галоўнага трэнера барысаўскага БАТЭ – першага (і пакуль адзінага) беларускага клубу, які выходзіў у групавыя этапы Лігі чэмпіёнаў.

ДД

Стужка навінаў