Былы прэм’ер-міністр Польшчы будзе бясплатна лячыць людзей


Паводле адукацыі Эва Копач – доктарка. Яна мае некалькі спецыялізацыяў, у тым ліку сямейная доктарка і педыятр.

Экс-прэм’ер Польшчы ад правацэнтрысцкай партыі «Грамадзянская платформа» (Platforma Obywatelska) Эва Копач плануе вярнуцца ў медыцыну. Паводле адукацыі яна – доктарка, у 1981 годзе закончыла Люблінскі медычны ўніверсітэт.

Эва Копач мае некалькі спецыялізацыяў: яна доктарка агульнай практыкі (сямейная доктарка), педыятр і адмыслоўца судовай медыцыны.

Былая кіраўніца ўраду Польшчы пры гэтым не плануе адмаўляцца ад парламенцкай дзейнасці і надалей будзе дэпутаткаю Сейму. Эва Копач хацела б у свабодныя ад парламенцкай дзейнасці дні (некалькі на месяц) браць дзяжурствы на станцыі хуткай дапамогі альбо ў паліклініцы. Для гэтага мусіць быць згода старшыні Сейму, з якой, – паводле Копач, – не павінна быць праблем.

Пры гэтым яна плануе працаваць бясплатна – на валанцёрскіх асновах.

Эва Копач, якой цяпер 60 гадоў, займалася лекарскай практыкай да 2007-га года, калі заняла пасаду міністра здароўя Польшчы, якую займала да 2011 года. З 2011-га да 2014-га года была старшынёй Сейму і крыху больш за год (верасень 2014 – лістапад 2015) – прэм’ер-міністрам краіны.

МЯ, паводле radyjo.net

Стужка навінаў