Былы пасол Украіны Ежаль хаваецца ў Драздах – украінскія СМІ


Колішні міністр абароны Міхаіл Ежаль, якога Украіна абвясціла ў вышук, пасяліўся ў элітным пасёлку пад Менскам.

Украінскі тэлеканал «ТСН» апублікаваў матэрыял пра высокіх чыноўнікаў часоў прэзідэнцтва Януковіча, супраць якіх цяпер распачатыя крымінальныя справы.

Летась Ежаля звольнілі з пасады пасла Украіны ў Беларусі. Цяпер ён мае від на жыхарства ў Беларусі.

Ва Украіне супраць яго адкрыта больш за 50 крымінальных спраў – адмірала абвінавачваюць у нанясенні дзяржаве фінансавай шкоды памерам 42 млн грыўняў і лічаць асобай, якая разваліла ўкраінскае войска. У сакавіку сёлета Ежаля абвясцілі ў вышук.

У амбасадзе Украіны ў Беларусі на просьбу БелаПАН пракаментаваць гэтыя звесткі заявілі, што «кадэнцыя Міхаіла Ежаля ў якасці пасла Украіны ў Беларусі завяршылася ў траўні летась», і парэкамендавалі па ўсіх пытаннях звяртацца ва ўкраінскае МЗС. Міністэрства замежных спраў ад каментароў адмовілася.

У снежні з’явілася інфармацыя, што ён «адлёжваецца ў беларускім вайсковым шпіталі».

Міхаіл Ежаль займаў пасаду міністра абароны Украіны, з красавіка 2013 года ён зʼяўляўся амбасадарам Украіны ў Беларусі. У траўні 2015 года Пятро Парашэнка прыняў рашэнне аб адкліканні Міхаіла Ежаля і звальненні з займанай пасады.

ДР, belsat.eu

Стужка навінаў