Былы палітвязень Ігар Аліневіч: Беларускія рублі ў зоне не ходзяць, ходзяць долары


Турэмныя дзённікі анархіста Ігара Аліневіча пабачылі свет яшчэ тады, калі сам аўтар быў ад гэтага свету адгароджаны кратамі Наваполацкай калоніі. Цяпер кнігу «Еду ў Магадан» пераклалі на польскую мову, а сам былы палітвязень на сустрэчы ў Варшаве распавёў падрабязнасці таго, як рукапіс трапіў па-за сцены калоніі.

Як табе ўдалося перадаць кнігу на волю?

Кнігу я перадаў праз іншага асуджанага, з якім мы пасябравалі. Усе дзевяць месяцаў, як я яе пісаў, мы выношвалі планы, як гэта ўсё будзе. Мы сустракаліся літаральна на паўгадзіны штотыдзень. Падчас калі ў зоне быў кінапаказ, звычайна ўсе арыштанты выходзяць глядзець, таму можна было не баяцца, што побач будуць стаяць даносчыкі, і мы можам паразмаўляць некаторы час. Калі ён вызваляўся, я яму перадаў рукапіс, і яна дайшла да маёй мамы. Мама яе прачытала, набрала ў электронным выглядзе і звязалася з маймі паплечнікамі, якія апублікавалі яе на анархісцкіх рэсурсах.

Ці кніга была апублікаваная цалкам?

На жаль, а можа і на шчасце, мацярынскае сэрца адчула ў некаторых фрагментах вялікую пагрозу для мяне, таму яны не былі апублікаваныя на той момант. Але цяпер, мяркую, мы выправім сітуацыю. Я планую значна дапоўніць кнігу, апублікаваўшы гэтыя главы, дапоўніўшы інфармацыю пра лёсы тых, хто сядзеў у «Амерыканцы».

Калі цяпер затрымлівалі, гэта была проста нейкая спецаперацыя – цябе везлі з Масквы ў Беларусь. Чаму да цябе была такая ўвага?

Перад каральнымі органамі паставілі вельмі стрыманыя тэрміны, у іх не было часу легальна перадаць мяне беларускім уладам. Таму што мяне спачатку мусілі б закрыць у СІЗА – у Бутырцы, напрыклад. Адтуль ужо мусілі ісці афіцыйныя запыты, я мог бы іх абскардзіць. То бок на гэта мог пайсці, гледзячы на досвед іншых арыштантаў, год. У КДБ не было столькі часу. Ім сказалі нягледзячы ні на што знайсці і выбіць прызнальныя паказанні.

Чаму менавіта ты стварыў такую небяспеку для органаў?

Я лічу, што наш карацельны апарат можа жыць толькі ў рэжыме рэпрэсіяў у дачыненні да грамадства. Гэта выпрацавана ўжо дзесяцігоддзямі. Без рэпрэсіяў ён не апраўдвае сам сябе. Ім трэба ўвесь час выдаваць вынік. Рабочыя на заводзе вырабляюць дэталі, настаўнікі ў школе адпрацоўваюць гадзіны, даючы веды вучням. А карацелі… Іх прадукт – колькасць паламаных лёсаў.

Ці ты думаў пра тое, чаму табе далі такі вялікі вырак – 8 гадоў?

Мяркую, што ўлады апасаюцца радыкальнай моладзі, таму што яна не ідзе на кампрамісы. І гэта можа падняць цэлую вайну пратэстаў. З апазіцыяй уладзе змагацца прасцей. Мяркую, што яна моцна інфільтраваная агентамі ўплыву. А яны падыгрываюць тым дзеячам апазіцыі, якія займаюць самую стрыманую пазіцыю.

З якімі рэпрэсіямі ты сутыкнуўся за кратамі?

Я не магу сказаць, што гвалт ужываюць паўсюль. У асноўным дастаткова маральнага ціску, калі пазбаўляюць спатканняў з бацькамі, перадачаў. Ёсць дзясяткі тэхнік, як націснуць на чалавека. Выкарыстоўваецца такая методыка, як сістэматычныя вобшукі – гэта стрэс, пасля чаго цяжка дастаткова прывесці свае рэчы ў парадак. Тым больш што пасля могуць штосьці падкінуць. У прыватнасці, у Віцебскай ПК-3 мне падкінулі зарадку да тэлефона і беларускія грошы – 40 тысяч. Усе арыштанты смяяліся з гэтага, бо ўсе ведаюць, што беларускія грошы ў зоне не ходзяць. Ходзяць долары. Гэта выглядала вельмі няўмелай правакацыяй.

Чаго чакаць далей?

Я думаю, сітуацыя будзе толькі пагаршацца. У прывтнасці, справа графіцістаў паказала, што для прымянення артыкулаў з вялікім тэрмінам дастаткова ўжо нейкіх банальных рэчаў, кшталту нанясення графіці, што раней магло быць толькі адміністратыўнай справай.

Ці атаясамліваеш ты сябе нейкім чынам з апазіцыяй? Ці штосьці звязвае цябе з апазіцыяй?

Я заўсёды падкрэсліваў адрозненне апазіцыі і анархістаў. Апазіцыя як тэрмін ўспрымаецца як рух, які хоча само стаць на чале дзяржавы. Як анархіст я адмаўляю дзяржаву – гэта як апарат прыгнёту і прафесійнага гвалту. У адрозненне ад апазіцыі я не раздзяляю панятку незалежнасці і свабоды. Цяпер папулярнае меркаванне, што свабода пачакае, нам патрэбная толькі незалежнасць у сувязі з падзеямі, якія адбываюцца ў нашых суседзяў. Я лічу, што незалежнасць павінна не «ад», а «для». Пра якую незалежнасць можа быць гаворка, калі мы ўжо залежныя ад гэтага акупацыйнага рэжыму, ад савецкай бюракратыі, якая ўжо амаль стагоддзе прыгнятае народ.

Якое твае стаўленне да выбараў у Беларусі?

Я лічу, што тыя выбары, якія адбываюцца ў Беларусі – гэта прафанацыя нават у сувязі з агульнымі патрабаваннямі, якія прадяўляюць у свеце да выбараў. Мне не зразумелае гэтае настойлівае жаданне апазіцыі іх неяк выкарыстаць, неяк у іх удзельнічаць. Няўдзел у іх – гэта найбольш нагляднае волевыяўленне чалавека.

Размаўляла Ганна Любакова, belsat.eu

Стужка навінаў