Былы палітвязень Эдуард Лобаў ваюе ва Украіне: Прыехаў дапамагчы брацкаму народу


Сустаршыня «Маладога фронту» і былы палітвязень Эдуард Лобаў разам з іншымі беларусамі змагаецца за незалежнасць і тэрытарыяльную цэласнасць Украіны. Відэа з былым палітзняволеным змясціла ў «Фэйсбуку» суполка «Згуртаванне патрыётаў».

«Я прыехаў ва Украіну дапамагчы брацкаму народу ў вайне з агульным ворагам – маскалямі», – адзначыў Эдуард Лобаў. Украіне цяпер варта дапамагаць, паколькі чарговым наступальным рухам Расеі можа аказацца агрэсія ў дачыненні да Беларусі, выказаўся былы палітвязень.

«Думка паехаць ва Украіну наведала мяне яшчэ ў часы майго знаходжання ў калоніі, але такой магчымасці пачаткова не было. Такая нагода з’явілася толькі пасля майго вызвалення», – распавёў сустаршыня «Маладога фронту».

Ён прызнаўся, што ва Украіне спаткаў шмат беларусаў, якія ваююць на Данбасе. «Акрамя беларусаў тут шмат прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцяў, якія прыехалі дапамагчы ўкраінскаму народу ў барацьбе з агульным ворагам – Расеяй», – сказаў Эдуард Лобаў.

На відэа ён прамаўляў па-расейску, а на рукаве былога палітвязня віднеецца шаўрон з надпісам «Малады фронт» ды шасціканцовым крыжам на фоне колераў беларускага нацыянальнага сцяга.

Глядзіце яшчэ >>> «Білорус» – стужка Антося Цялежнікава пра беларускага хлопца, які ваюе на Данбасе

Рэзанансны фільм Антося Цялежнікава «Добраахвотнікі» пра байцоў «Правага сектару»

Эдуард Лобаў быў асуджаны на чатыры гады зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Прысуд абвясціла 24 сакавіка 2011 года ў судзе Маскоўскага раёну Менску суддзя Алена Шылько. 22-гадовы актывіст «Маладога фронту» быў прызнаны вінаватым на падставе часткі 3 артыкула 339 Крымінальнага кодэксу – «асабліва злоснае хуліганства».

Эдуард Лобаў разам са старшынёй «Маладога фронту» Змітром Дашкевічам быў затрыманы ў Менску 18 снежня 2010 года. Паводле інфармацыі міліцыі, у двары жылога дому па вуліцы Янкі Брыля яны збівалі мінакоў – Канстанціна Савіцкага і Алега Малышава. Затрыманне Лобава і Дашкевіча магло быць прэвентыўнай мерай спецслужбаў і міліцыі напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў, якія адбыліся на наступны дзень.

У адным з украінскіх добраахвотніцкіх батальёнаў на Данбасе ваюе яшчэ адзін былы беларускі палітвязень – Васіль Парфянкоў з пазыўным «Сябро».

Максім Ярашэвіч, belsat.eu

Стужка навінаў