Былы падпалкоўнік міліцыі адсядзеў за кратамі 3,5 гады, а пазней уцёк на Захад і распавёў, як «прэсуюць» у «амерыканцы»


Былы падпалкоўнік міліцыі Васіль Міхневіч, які адседзеў за кратамі 3,5 гады за перавышэнне службовых паўнамоцтваў і ўцёк за мяжу ад пераследу КДБ, выступіў з сенсацыйнымі заявамі ў літоўскай прэсе.

Васіль Міхневіч даў вялікае інтэрвю delfi.lt і распавёў пра рэаліі ў СІЗА КДБ ды «метады абыходжання» з вязнямі, якіх арыштавалі за Плошчу-2010.

«Апошнім апазіцыйным палітыкам Беларусі, які не «працаваў пад кантролем», быў Зянон Пазняк», – цытуе Васіль Міхневіч вязня «Валадаркі», былога супрацоўніка КДБ, з якім яму давялося перасекчыся ў гэтым следчым ізалятары перад адпраўкай у калонію.

У расповедзе пра «амерыканку» часоў разгону Плошчы-2010 Васіль Міхневіч назваў шэраг палітвязняў, з якімі яму давялося сядзець у адной камеры: Сяргея Вазьняка, Змітра Бандарэнку, Алеся Кіркевіча, Аляксандра Класкоўскага, Дзьмітрыя Новіка.

Карэспандэнту «Свабоды» ўдалося датэлефанавацца да Сяргея Вазьняка і Алеся Кіркевіча.

«Так, быў такі Васіль, памятаю, – кажа Сяргей Вазьняк. – Падпалкоўнікам міліцыі называўся. Міхневіч, так. За што яго арыштавалі? Нешта ён дом сабе будаваў і яго арыштавалі… Казаў, што яго затрымалі за карупцыю праз злоўжыванні службовым становішчам. Ва ўсякім разе, у камеры ён мне гэтак распавядаў, але насамрэч я не магу ведаць, бо не чытаў ягонай справы. Пры будаўніцтве дому нейкія блокі, кран… Нешта такое было, але дакладна ня памятаю. Нічога дрэннага пра яго сказаць не магу. У нас былі з ім нармальныя адносіны. Ня ведаю, што ён кажа пра мяне, але я, паўтаруся, пра яго нічога дрэннага сказаць не магу».

Аповед Сяргея Вазьняка пра тое, як абыходзіліся з вязнямі ў «амерыканцы» супрацоўнікі «Альфы» ў масках, супаў з тым, што пра гэта кажа Васіль Міхневіч. Пра вобшукі ў спартовай залі з распрананнем дагала і стаяннем на холадзе, пра маральны здзек, псіхалагічны ціск ды катаванні. А ці праўда тое, што сам Міхневіч гэтаму ціску і катаванням спрабаваў супрацьстаяць? Сяргей Вазьняк такім звесткам верыць.

«Гэта падобна да яго. Наколькі памятаю, ён адмаўляўся даваць паказанні, калі я з ім сядзеў. Ён там быў ужо амаль год з-за гэтага. Так, у яго былі канфлікты з ахоўнікамі».

Адразу згадаў пра Васіля Міхневіча і маладафронтавец з Горадні Алесь Кіркевіч. Паводле яго, Міхневіча «прэсавалі напоўніцу».

«Яго на фота цяпер і пазнаць цяжка, ён да чалавека стаў падобны. А тады, калі ўбачыў яго ў камеры, зусім жахліва выглядаў. Адзін кадык было відаць, бо па карцэрах кідалі ўвесь час. Дарэчы, калі пасля заявы Алеся Міхалевіча пра катаванні, у ізалятары была праверка і прыходзіў нейкі начальнік з пракуратуры, Швед ягонае было прозвішча, дык Васіля адмыслова, каб не знаходзіўся ў камеры, забралі некуды ўніз, каб ён ня мог выказацца».

Сам былы падпалкоўнік міліцыі Васіль Міхневіч у сваім інтэрвю кажа, што быў асуджаны за «злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі». Суд прызнаў, што Міхневіч нанёс маральную шкоду чалавеку, якога ён затрымліваў некалькі гадоў таму. Сам Міхневіч сваёй віны не прызнаў і мяркуе, што ягоную справу сфабрыкавалі, бо як аператыўны супрацоўнік міліцыі ён выйшаў на карупцыйныя схемы з удзелам высокапастаўленых чыноўнікаў Рады бяспекі.

Паводле Міхневіча, да арышту ў лютым 2010 году ён займаў пасаду намесніка начальніка аддзелу ва Упраўленні па барацьбе з карупцыяй і эканамічнымі злачынствамі Менскай гарадской управы міліцыі. Пры гэтым Васіль Міхневіч прызнае, што пасаду займаў намінальна, а насамрэч быў «на практычнай працы». І ўсё ж, што кажуць у міліцыі пра былога падпалкоўніка Васіля Міхневіча?

У прэсавай службе менскай гарадской міліцыі пацвердзіць ці зняпраўдзіць факт службы Васіля Міхневіча адмовіліся з прычыны недахопу часу.

У прэсавай службе МУС пагадзіліся праз паўгадзіны даць адказ на пытанне пра сапраўднасць службы Васіля Міхневіча, але слухаўку больш не паднялі.

Ці магчыма, каб дзейны падпалкоўнік толькі намінальна займаў пэўную пасаду ў міліцыі, а сам працаваў у іншай арганізацыі? «Так, гэта магчыма, што ён быў негалосным супрацоўнікам міліцыі, у аператыўнай працы гэткае магчыма», – кажа былы падпалкоўнік міліцыі, актывіст АГП Мікалай Казлоў.

Паводле Мікалая Казлова, яму падчас службы ў міліцыі не даводзілася сустракацца з Васілём Міхневічам. Пры гэтым збольшага яго расповед падаецца Казлову падаецца праўдападобным, у тым ліку і тое, што тычыцца схілення актывістаў апазіцыі да супрацы з КДБ.

«Чэкісты, і ня толькі чэкісты, а ўсе, хто кантралюе апазіцыю, у іх галоўная задача – гэта агентурная праца. Тут і тэхнічная праца, як праслухоўванне і запіс размоваў ды прагляд электроннай пошты. І агентурная праца – то бок стварэнне агентуры. Вось два асноўныя рычагі. Але гэтак ёсць ва ўсіх краінах. Проста ў іншых гэта накіравана на крымінальныя структуры, а ў нас у асноўным на палітычныя, крымінал у нас адышоў на другі план».

Мікалай Казлоў не падзяляе думкі Васіля Міхневіча пра тое, што арышты пасля Плошчы 2010 году былі масавыя менавіта дзеля таго, каб завербаваць сярод апазіцыі новых агентаў ды забяспечыць легенды ўжо ўкаранёным у апазіцыю супрацоўнікам КДБ.

«Ня думаю, што толькі дзеля гэтага. Але безумоўна, што, пасадзіўшы чалавека за краты, яны спрабуюць так ці інакш папрацаваць з ім, каб завербаваць».

Мікалай Казлоў лічыць, што абараніцца ад метадаў, якія практыкуюць у «амерыканцы», звычайнаму чалавеку вельмі складана.

«Нават мацёрым крымінальнікам, якія маральна гатовыя да супрацьстаяння, не заўсёды гэта ўдаецца. А чалавеку, які ўсё жыццё «хадзіў у бібліятэку» – вельмі складана вытрымаць», – мяркуе былы міліцыянт Мікалай Казлоў.

belsat.eu, паводле svaboda.org, delfi.lt

Глядзі таксама
Каментары