Былы намеснік міністра абароны Польшчы: палітыка РФ не супадае з інтарэсамі Беларусі


Як Расея можа выкарыстаць супрацьстаянне ЗША з КНДР? Ці ёсць рызыка вайны на мяжы Беларусі ды Польшчы? Чаго баяцца палякі? Пра гэта – размова з былым намеснікам міністра абароны Польшчы Рамуальдам Шарамецьевым*.

Сяргей Пеляса: Добры вечар, спадару міністру.

Рамуальд Шарамецьеў (на фота): Добры вечар.

СП: Ці ў Польшчы адчуваюць пагрозу з боку Беларусі? Бо з Расеяй усё відавочна, але ці ўспрымаюць Беларусь, хаўрусніка Расеі, як пагрозу Польшчы?

РШ: Не, прынамсі, я не ўспрымаю. Мне падаецца, што Беларусь не мае агрэсіўных тэндэнцыяў у дачыненні Польшчы. І калі мы чаго і баімся ў Польшчы ў звязку з Беларуссю, гэта расейскай дзейнасці з боку Беларусі. Яна можа прыняць такую форму, што Беларусь падпарадкуецца дзеянням Расеі, не маючы выбару. Пакуль Беларусь імкнецца захаваць сваю незалежнасць, наколькі гэта можа зрабіць у адносінах з Расеяй…

СП: Ці сапраўды імкнецца захаваць?

РШ: Мне падаецца, што так.

Лукашэнка не хацеў бы граць ролю губернатара беларускай губерні ў межах Расейскай Федэрацыі. Быць прэзідэнтам асобнай дзяржавы – крыху лепшая пазіцыя. Думаю, у беларусаў з’яўляецца ўсведамленне таго, што яны іншы народ, не расейцы, і што ў Беларусі іншыя нацыянальныя і дзяржаўныя інтарэсы, чым у Расейскай Федэрацыі. Мне падаецца, палітыка, што вядзе Расея ў нашым рэгіёне, не супадае з нацыянальнымі інтарэсамі Беларусі.

СП: Шмат кажуць пра тое, што Расея заатакуе адну ці некалькі балтыйскіх дзяржаваў, і ў гэты канфлікт будуць уцягнутыя і Беларусь, і Польшча. Што трэба зрабіць беларусам і палякам, каб пазбегчы вайны?

РШ: Гэта вельмі складаная сітуацыя. Улічваючы стан міжнародных адносінаў сёння і адносіны паміж сіламі Расеі ды сіламі Паўночна-атлантычнага альянсу, мне падаецца, што ўваход Расеі на тэрыторыю адной з дзяржаваў NATO быў бы вельмі рызыкоўным. На маю думку, пакуль не будзе вонкавых фактараў, што аслабяць пазіцыі NATO, напрыклад, аслабяць волю супольнай абароны, Расея не наважыцца на такую вайсковую аперацыю. Аднак я баюся, што такія ўмовы могуць з’явіцца ў будучыні. Напрыклад, калі пачаўся бы канфлікт на Далёкім Усходзе.

СП: Калі б ЗША заатакавалі Паўночную Карэю?

РШ: Так. У 90-я гады апублікавалі кнігу, напісаную былым міністрам абароны ЗША Ўайнбэргерам і публіцыстам Швайцэрам пад назваю «The Next War» («Наступная вайна»). Там сцэнар будучай вайны пачынаецца з канфлікту на Карэйскім паўвостраве Тады Расея атрымлівае свабоду дзеянняў на Захадзе пад прыкрыццём гэтага канфлікту і пачынае. На жаль, такая сітуацыя можа мець месца.

СП: Шмат экспертаў сцвярджае, што Расея ў рэгіёне, дзе размяшчаюцца Беларусь і Польшча ў Еўропе, мае вялікую вайсковую перавагу. Што робяць Польшча, NATO, ЗША, каб адсутнасць гэтага балансу ўраўнаважыць?

РШ: Па-першае, як вядома, ужо на саміце NATO у Варшаве, што прайшоў не так даўно, пастанавілі значна ўзмацніць усходні фланг NATO. У вайсковым сэнсе гэта не ўраўнаважвае таго, чым валодае Расея, але прысутнасць не толькі польскіх войскаў у гэтым рэгіёне, але і амерыканскіх, брытанскіх і гэтак далей – гэта ўжо ўзмацненне. Гэта паказвае расейскаму боку ўзровень складанасці. Прасцей уваходзіць, калі няма амерыканцаў. Па-другое, у Польшчы вельмі сурёзна ўспрынялі ўзмацненне ўласнага абарончага патэнцыялу.

СП: На што Польшча цяпер робіць акцэнт? На якога тыпу рыхтаванне ці ўзбраенне?

РШ: У першую чаргу павялічваецца адсотак выдаткаў на ўзбраенне. Па-другое, апрацавалі новую канцэпцыю абароны Рэчы Паспалітай. Таксама прынялі рашэнні ды пачалі набываць тэхніку ды ўзбраенне. Вялікі недахоп польскай абароны, што мы безабаронныя, калі Расея пастановіць выкарыстаць ракеты «Іскандэр».

СП: То бок, патрэбныя амерыканскія сістэмы «Патрыёт», каб запоўніць гэтую нішу?

РШ: Так, тады ў нас была б магчымасць збіваць гэтая ракеты, што азначала б значны параліч расейскіх наступальных магчымасцяў датычна нашай абароны. Мы развіваем розныя сістэмы абарончага характару.

Польскія ўлады выразна заявілі, што мы канцэнтруемся на абароне межаў. Раней, як вядома, шмат гадоў мы будавалі экспедыцыйнае войска, што было звязана з замежнымі місіямі. Калі рыхтуеш экспедыцыйную армію, іншы можа баяцца, што экспедыцыя можа датычыць і ягонай тэрыторыі. Цяпер выразна акцэнты перасунулі на абарону ўласных межаў.

СП: Абарона ўсёй тэрыторыі, мадэрнізацыя войскаў і стварэнне войскаў тэрытарыяльнай абароны?

РШ: Так, таксама.

СП: І гэта значныя змены ў параўнанні з тым, што было раней. Дзякуй за размову, спадар міністр.

* Рамуальд Шарамеццяў, палітык, былы намеснік міністра абароны Польшчы, былы в.а міністра абароны, доктар вайсковых навук, афіцэр запасу.

Інтэрвʼю выйшла у праграме «ПраСвет». Іншыя тэмы праграмы:

  • Як праходзіў польскі «Антызапад» і як палякі ўзмацняюць сваю абарону?
  • Чаму беларуска-украінскія стасункі не палепшацца?
  • Чаму расейцы хаваюць свае страты ў Сірыі ды за што яны там змагаюцца?
  • Як можа выглядаць вайна ЗША супраць КНДР?

Стужка навінаў