Былы міністр ДНР: «Нас запрашаюць на крывавае вяселле»

video

Самыя цяжкія баі за апошнія два гады на Данбасе адбыліся ў апошнія тыдні. Інтэнсіўнасць баявых дзеянняў у Данбасе змяншаецца, але напружанасць застаецца на ўсёй лініі фронту. Некалькі дзён таму быў забіты адзін з камандзіраў данецкіх сепаратыстаў Міхаіл Талстых, вядомы пад псеўданімам Гіві. Кіеўскія адмыслоўцы мяркуюць, што гэта правакацыя, якая можа скончыцца тэрактамі на тэрыторыі Украіны. У якім кірунку можа пайсці вайна на Данбасе?

Артылерыя і танкі пачалі страляць па Аўдзееўцы ў канцы студзеня. Але цягам апошніх дзён сітуацыя палепшылася, а інтэнсіўнасць абстрэлаў зменшылася з сотні да трох дзясяткаў. Украінскія ратаўнікі і валанцёры змагаюцца з трагічнаю гуманітарнаю сітуацыяй.

«Колькі дзён мы сядзім без вады, без святла і ўсяго. Вось што з намі робяць», – кажа жыхарка Аўдзееўкі.

Іншы жыхар гораду распавядае:

«Нам кажуць: «збірайце шмоткі і валіце». А куды нам ехаць?»

У сераду ў Аўдзееўцы зноў пачалі працаваць школы.

«Вучэбны працэс адноўлены, дзяцей, вядома, не так шмат, як хацелася б, але мы працуем у рэжыме, у якім працавалі і раней», – распавядае мясцовая настаўніца.

Бацькі не спяшаюцца пускаць дзяцей у школу, бо не вераць, што спакой працягнецца доўга.

Што далей?

«Рабіць аптымістычныя прагнозы дастаткова небяспечна. За апошнія некалькі месяцаў адбыліся істотныя змены на ўсёй лініі фронту, асабліва ў некаторых гарачых месцах. Гэтак, як у Аўдзееўцы, дзе сілы падышлі вельмі блізка адно да аднога. Імавернасць правакацыі настолькі вялікая, што нават без загаду на найвышэйшым узроўні страляніна можа пачацца ў любы момант», – мяркуе Аляксей Мельнік, эксперт Цэнтру імя Разумкова (Кіеў).

Беларускі добраахвотнік Ян Мельнікаў, які ваюе на баку ўкраінцаў і зусім нядаўна вярнуўся з Аўдзееўкі, распавёў «Белсату» пра стратэгічнае значэнне гэтае мясцовасці:

«У лютым 2016 года фронт каля Аўдзееўкі быў адціснуты ў бок дарогі, якая звязвае Данецк з Ясінаватай і Горлаўкаю. Там ёсць стратэгічныя прадпрыемствы. Гэта коксахімзавод, які ацяпляе ўвесь рэгіён. Таксама каля гэтай дарогі месціцца ДФС – станцыя, якая падае ваду ў Аўдзееўку, Ясінаватую і ў частку раёнаў Данецку. Безумоўна, гэта стратэгічная пазіцыя, якая дазваляе трымаць абарону Горлаўкі».

Падаецца, што для прасоўвання наперад сваіх войскаў улады самаабвешчаных рэспублік прычыну ўжо знайшлі.

Сумнавядомы камандзір падраздзялення «Самалі» Міхаіл Талстых, які яшчэ нядаўна катаваў украінскіх палонных, загінуў у сераду ва ўласным кабінеце. Дакладна не вядома – у выніку выбуху бомбы ці абстрэлу.

«Гіві, напэўна, адпрацаваў свой рэсурс як такі медыйны герой вайны, як такі 29-ы панфілавец. Цяпер яму далі іншую ролю, ролю сакральнай ахвяры, якая мае змабілізаваць насельніцтва на той тэрыторыі ды ў самой Расеі. Як бы гэта ні гучала цынічна, Гіві выканаў сваю місію, адведзеную ў гэтай вайне», – заўважае Аляксей Мельнік.

Таксама, як у выпадку забойства Матаролы, у смерці Гіві Данецк абвінаваціў украінскія дыверсійныя групы.

Але больш імаверна выглядае версія пра тое, што Гіві маглі забіць ягоныя ўласныя паплечнікі. Пра гэта сведчыць прызнанне Ігара Мыльцава на мянушку Француз. Жаўнер Гіві ўзяў на сябе адказнасць за смерць свайго камандзіра, распавёўшы пра гэта выданню «Новая газета». Паводле яго, забойства Талстых – гэта адказ за смерць саслужыўцаў падчас баёў каля Аўдзееўкі.

«Немагчыма ўкраінскім дыверсантам пранікнуць на тэрыторыю базы батальёну «Самалі», выстраліць з агнямёта і потым знікнуць без следу. Гэта немагчыма, гэта нейкая фантастыка», – тлумачыць Ян Мельнікаў.

Сумны сцэнар

Такі сцэнар у размове з «Белсатам» малюе былы міністр інфармацыі «Данецкай Народнай Рэспублікі» Аляксандр Хракаў:

«Мы вялі сябе, як кажуць, «вы нас не чапайце і мы вас не будзем чапаць». Нам трэба Данецкая вобласць, і мы ў адным месцы бачылі вашую Украіну. Але нас запрашаюць на больш крывавае вяселле – вяселле тэрарыстычнае. Цяжка сказаць, што я гэтага хачу. Ніводнай краіне такога не зычу. Але мы стаім перад дылемаю гэта выконваць. Якое рашэнне будзе прынятае, пастановіць нашае кіраўніцтва».

Рашэнне, найхутчэй, будзе прымацца ў Маскве, і ад яго залежыць, ці ўва Украіне адбудуцца чарговыя пахаванні.

Сюжэт выйшаў у праграме «Прасвет». Глядзіце яе апошняе выданне цалкам:

Руслан Шошын, Rzeczpospolita для «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары