Былы мэр сталіцы Ладуцька ўзначаліў Менскі саюз прадпрымальнікаў


У грамадскім аб’яднанні «Менскі сталічны саюз прадпрымальнікаў і працадаўцаў» новы кіраўнік.

Уладзімір Карагін, які быў на чале аб’яднанння 21 год, пакідае пасаду. Яго месца зойме дырэктар «Мотавелазаводу» і былы кіраўнік Менгарвыканкаму Мікалай Ладуцька. Яго кандыдатуру вызначылі падчас справаздачна-выбарнай асамблеі Менскага сталічнага саюзу прадпрымальнікаў і працадаўцаў 15 чэрвеня.

«Абранне праходзіла на альтэрнатыўнай аснове ў ходзе адкрытых дэмакратычных працэдураў. Асамблея паказала вялікі патэнцыял развіцця саюзу, наяўнасць яркіх актыўных лідараў, якія валодаюць бачаннем далейшага развіцця арганізацыі і прадпрымальніцтва сталіцы, сталічнай вобласці і Беларусі», – адзначыў у «Facebook» Уладзімір Карагін.

Сам ён застанецца ганаровым старшынём саюзу.

Мікалаю Ладуцьку 59 гадоў, ён прафесійны будаўнік. З чэрвеня 2010 году па лістапад 2014 году быў кіраўніком Менгарвыканкаму. У ліпені 2015 году быў прызначаны кіраўніком ААТ «Мотавела», а пазней – ТАА «Мотавелазавод», якое стварылі ў сувязі з банкруцтвам «Мотавела» і якое належала дзяржаве.

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў