Былы літоўскі міністр: Незалежнасць Беларусі – гэта статус аўтаномнай вобласці Расеі


«Казаць, што сёння Беларусь незалежная, – мабыць, занадта моцна», – заўважыў былы міністр замежных спраў Літвы Аўдронюс Ажубаліс пасля дыскусіі ў літоўскім Сейме, прымеркаванай да Дня Волі.

«Я б назваў сітуацыю ў Беларусі вельмі падобнай да так званай незалежнасці Германскай Дэмакратычнай Рэспублікі, якая ў часы «халоднай вайны» была акупаваная расейскімі войскамі. Тады камуністычныя партыя Нямеччыны была лаяльным сатэлітам кіраўніцтва Савецкага Саюзу. Мы можам выкарыстоўваць розныя дэфініцыі, але факт у тым, што так званая незалежнасць Беларусі – гэта статус аўтаномнай вобласці Расеі, пачынаючы з таго, што мы ведаем пра расейскія войскі (расейскія базы ў Беларусі – Belsat.eu), наконт эканамічнага падмацунку, наконт лаяльнасці да крамлёўскай палітыкі і наконт падабенства з Расеяй у правах чалавека, свабодных выбарах, значэнні спецслужбаў і гэтак далей», – адзначыў спадар Ажубаліс пасля дыскусіі «2015-ты год у Беларусі: калі геапалітыка бярэ верх над каштоўнасцямі дэмакратыі».

Утварэнне БНР былы міністр назваў «прыгожай спробай» і канцавой мэтай Беларусі – «стаць нармальнай, дэмакратычнай, еўрапейскай і незалежнай дзяржавай».

Паводле спадара Ажубаліса, кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка не ўдзельнічае ў мірных перамовах наконт сітуацыі ў Данбасе, бо толькі дае пляцоўку для перамоваў іншым бакам. Хоць Лукашэнка падае сябе як пасярэдніка, аднак пра ягоную асаблівую міратворчую місію гаварыць не даводзіцца, заўважыў былы кіраўнік літоўскай дыпламатыі.

[vc_single_image image=”2″ img_size=”large”]

Яшчэ адзін удзельнік дыскусіі з нагоды Дня Волі – дэпутат Сейму Літвы Рокас Жылінскас – адзначыў: «На жаль, мусім прызнаць, што нашыя сябры-беларусы, цярплівыя як і мы, усё ж болей памяркоўныя да ўціску, прыгнёту, здзекаў. І некалькі год таму, калі я ездзіў па Паўночнай Беларусі як назіральнік на выбарах ад АБСЕ, мне давялося сутыкнуцца з нежаданнем людзей мяняць нешта і мяняць сябе».

Дэпутат узгадаў, што яшчэ ў савецкія гады меў шмат сяброў у Беларусі, з якімі разам будаваў планы на будучыню. «Цяпер я бачу, што нашыя спадзевы на будучыню спраўдзіліся, а іх надзеі – не. Таму за свой асабісты абавязак лічу дапамагчы гэтым людзям дасягнуць таго, пра што мы марылі разам».

МЯ, belsat.eu

Стужка навінаў