Былы кіраўнік Нацбанку: Новы дэкрэт Лукашэнкі – сведчанне таго, што ў Беларусі туга з фінансамі


Сёння Аляксандр Лукашэнка падпісаў дэкрэт, згодна з якім уводзіцца падаходны падатак на працэнты па некаторых укладах для фізічных асобаў. Новы падатак будзе датычыць не ўсіх дэпазітаў, а толькі рублёвых тэрмінам менш за год і валютных – тэрмінам менш за два гады. Яго стаўка складзе 13%.

На думку былога старшыні Нацбанку Станіслава Багданкевіча, новы дэкрэт – сведчанне таго, што ў Беларусі туга з фінансамі і трэба папаўняць бюджэт.

«Урад шукае любыя шляхі для папаўнення бюджэту. З іншага боку, гэта спроба стабілізацыі на дэпазітным рынку, на грашовым рынку. Каб людзі панеслі грошы на дэпазіты на большыя тэрміны і не маглі адразу іх зняць. Гэта спроба адміністратыўна, з дапамогай падатковага пакарання, стабілізаваць рэсурсы для банкаў. У некаторых краінах нешта падобнае ёсць. Гэта ў тых краінах, дзе дрэнныя справы з інфляцыяй, няўстойлівай валютай і так далей. Там прымаюць любыя меры, у тым ліку падобныя і да тых, якія прымае прэзідэнт Беларусі», – пракаментаваў «Свабодзе» новы дэкрэт Станіслаў Багданкевіч.

Паводле Багданкевіча, гэты дэкрэт можа прывесці да таго, што ўклады на дэпазітах могуць скараціцца:

«Людзі пачнуць больш укладаць свае вольныя грошы ў іншыя актывы. З боку ўлады гэта спроба атрымаць дадатковую капейку ў бюджэт, улічваючы эканамічны і фінансавы крызіс. Гэта спроба замацаваць уклады ў банках, каб людзі не спяшаліся іх здымаць. І такім чынам стабілізаваць інфляцыю і валютны курс. Як спрацуюць гэтыя захады, паглядзім. Я не хацеў бы гэта асабліва каментаваць. Я разумею, чым гэта выклікана. Гэта выклікана крызісам у эканоміцы».

На меркаванне іншых эканамістаў, ад новых захадаў выйграе толькі бюджэт.

ДР, belsat.eu

Стужка навінаў