Былы кіраўнік МЗС Славаччыны: Гэта будуць выбары, «зробленыя ў Беларусі»


Былы міністр замежных справаў Славаччыны Павал Дэмэш да беларускіх выбараў ставіцца з іроніяй. Відэаінтэрв’ю.

«Белсат»: Выглядае на тое, што Еўразвяз канчаткова змяніў свой падыход, сваю стратэгію ў дачыненні да Беларусі і да Аляксандра Лукашэнкі. Як вы лічыце, ці слушныя такія заявы?

Павал Дэмэш: Беларусь – адная з краінаў, з якой у Еўразвязу праблемы ўжо даўно, калі казаць пра дачыненні. Найперш, бо Беларусь – краіна з тыповым рэжымам, што выключыла яе нават з Рады Еўропы.

Лідары Еўразвязу казалі, што палітыка санкцыяў змусіць Беларусь стварыць больш ліберальнае, дэмакратычнае ды адкрытае асяроддзе. Гэта не спрацавала. Таму еўрапейскія лідары пастанавілі адмовіцца ад санкцыяў, мяркуючы, што новыя стасункі на новых узроўнях – палітычным, эканамічным, сацыяльным, гаспадарчым – прывядуць да нармалізацыі сітуацыі ў краіне.

Мяркую, што асноўны момант, які змяніў падыход да Беларусі, – гэта падзеі ва Украіне. Геапалітычныя змены ў постсавецкіх краінах – гэта вялікі выклік. Мяркую, гэта першасная прычына, чаму Еўразвяз змяніў сваю тактыку.

«Белсат»: Змена падыходу ёсць, але саміх зменаў у Беларусі няма. Як лічыце, ці палітыка Еўразвязу пацярпела крах?

Павал Дэмэш: Мяркую, цяжка патлумачыць беларускаму народу і перадусім дэмакратычным сілам у краіне, якія цягам гадоў намагаюцца змяніць сітуацыю, каб Беларусь стала больш еўрапейскаю. Але факт, што рэжым не змяніўся, а еўрапейскі падыход змяніўся, – гэта, на мой погляд, у нейкім сэнсе знак слабасці еўрапейскае пазіцыі адносна беларускага рэжыму. Я думаю, Лукашэнка – вельмі спрытны палітык, які балансуе паміж Расеяй і Еўразвязам.

Аргументы, якія выкарыстоўваліся еўрапейскімі лідарамі, каб зняць санкцыі, не былі дастаткова моцныя, каб адрасаваць важнае пасланне наконт грамадзянскіх свабодаў, правоў чалавека, палітычных зняволеных ды іхнае рэабілітацыі.

Паколькі я славак, жыхар Еўразвязу, я ведаю, якая гэта цяжкая дылема – як развіваць дачыненні з Еўразвязам. Але зняцце санкцыяў не адлюстроўвае зменаў у Беларусі, гэта адлюстроўвае змены ў дачыненнях паміж Расеяй і яе найбліжэйшымі суседзямі.

«Белсат»: Восенню ў Беларусі пройдуць парламенцкія выбары. Калі яны пройдуць па добра вядомым сцэнары і будуць фальсіфікацыі, як лічыце, ці Захад пойдзе на нейкія змены? Ці зноў будуць санкцыі?

Павал Дэмэш: Як раней? Думаю, што ўсе выбары, разам з прэзідэнцкімі ў 2010-ым годзе, якія скончыліся масавымі пратэстамі ды збіццём, а таксама турмою для людзей і кандыдатаў на прэзідэнцтва, усе выбары вось ужо колькі гадоў былі класіфікаваныя міжнароднымі назіральнікамі з АБСЕ як тыя, што не адпавядалі стандартам. Мы нават цяпер можам сказаць пра будучыя парламенцкія выбары, што яны не будуць адпавядаць стандартам. Бо няма роўнай магчымасці для выбарчай кампаніі іншых кандыдатаў.

Чакаю, што канчатковая заява еўрапейскіх лідараў і міжнароднай супольнасці будзе вельмі падобная. Магчыма, яны скажуць, што не было збіцця або арыштаў, але ўсе цяпер пагаджаюцца: гэта будуць выбары, як я іх іранічна называю, зробленыя ў Беларусі.

«Белсат»: Ці, на ваш погляд, Еўропа разумее, што Лукашэнка залежны ад Расеі? Ці ўсё ж такі верыць у ягоную самастойнасць?

Павал Дэмэш: Еўропа ды еўрапейскія лідары не спадзяюцца, што Лукашэнка зменіцца. Натура вашага рэжыму – аўтакратычная сістэма – не змяняецца. Незалежна ад таго, ці краіна пад санкцыямі ці, як цяпер, – без. Гэта ўсё геапалітычныя рэаліі. А па-другое, Еўразвяз слабне. У наступным месяцы ў нас адбудзецца рэферэндум наконт выхаду Вялікай Брытаніі з Еўразвязу. Таму цяжка прадбачыць, як праект Еўразвяз будзе эвалюцыянаваць. У перыяд, калі Еўразвяз зазнае цяжкія палітычныя, эканамічныя выпрабаванні, людзі могуць змяняць ці спрабаваць змяніць сітуацыю ў іншых краінах. Беларусь – вельмі важная краіна з геапалітычнага гледзішча. Гэта краіна паміж Расеяй і Еўразвязам.

Еўразвяз трымае кулакі за Беларусь, але ён не наіўны, каб верыць, што Лукашэнка раптоўна зменіцца. Людзі не вераць у хуткія змены ў Беларусі. Мы шукаем магчымасцяў, як наладзіць дачыненні з вашаю краінаю, каб людзі змаглі больш падарожнічаць, моладзь – вучыцца, бізнесоўцы – рабіць бізнес.

Усе разумеюць, што Беларусь балансуе і будзе балансаваць паміж Расеяй і Захадам. Ключ – каб краіна былп стабільная і мела сваю ўласную палітычную эвалюцыю, каб стала больш еўрапейскаю.

«Белсат»: Ці будуць Захад і надалей падтрымліваць грамадзянскую супольнасць у Беларусі?

Павал Дэмэш: Адная з найважнейшых мэтаў – гэта дапамагчы незалежным медыям, грамадзянскай супольнасці, моладзі. Канкрэтныя краіны Еўразвязу спрабуюць наладзіць як мага больш дачыненняў з вашаю краінаю. Медыі – адная з найбольш істотных мэтаў, для якой варта чакаць дапамогі. Калі я кажу пра сітуацыю ў краіне, я буду вяртацца да майго візіту – я быў назіральнікам ад АБСЕ на выбарах на Магілёўшчыне. Я намагаўся зразумець, што найважнейшае для моладзі, але не толькі. Я вывучаў два сказы, якія, на мой погляд, апісваюць цяперашнюю сітуацыю ў Беларусі. Першы – я скажу гэта па-расейску: Каб не было вайны. Гэта датычыць не толькі Вялікай Айчыннай Вайны, але і вайны, якая цяпер адбываецца праз мяжу – ва Украіне. Людзі баяцца бачыць вайну. І другі сказ: Ну што, жыць трэба.

Людзі ў нейкім сэнсе прызвычаіліся да правілаў Лукашэнкі 22-хгадовае даўніны. Яны ведаюць, што нічога не зменіцца гэтак проста. Але Лукашэнка ў нейкім сэнсе – гарант стабільнасці, хоць гэткая стабільнасць зусім не такая стабільная. Мы жывем у складаныя часы.

Ключ – каб Беларусь мела як мага больш дачыненняў з заходнім светам. Ёсць шмат людзей у Еўразвязе, якім важная Беларусь і будуць радыя дапамагчы.

Гутарыла Ганна Любакова

Стужка навінаў