Экс-кіраўнік спецслужбаў Літвы пра затрыманне беларускіх шпіёнаў: Раней мы не праводзілі такіх акцый


Апошнім часам Масква актывізавала не толькі палітычную, але і шпіёнскую дзейнасць. Расея ўцягвае ў шпіёнскія авантуры і Беларусь. Чаму так адбываецца, адказаў «Белсату» былы кіраўнік літоўскіх спецслужбаў Мячыс Лаўрынкус.

Мінулы год у Літве адзначыўся некалькімі шпіёнскімі скандаламі: з краіны выслалі трох грамадзянаў Расеі, затрыманыя былі таксама дзве асобы, якіх падазраюць у супрацы з беларускай выведкай.

Раней літоўская контрвыведка не праводзіла падобных акцый, каб выявіць беларускіх шпіёнаў, адзначыў былы кіраўнік Дэпартаменту дзяржаўнай бяспекі Літвы. Беларускія спецслужбы цікавяцца перадусім звесткамі з літоўскага войска, але як могуць выкарыстаць гэтую інфармацыю – можна толькі здагадвацца.

Спецслужбы Беларусі могуць весці абмен інфармацыяй з Расеяй, не выключае былы кіраўнік літоўскага Дэпартаменту дзяржаўнай бяспекі. Расейскія ж спецслужбы выконваюць мэты, пастаўленыя перад імі кіраўніцтвам Расеі. «Было б наіўна думаць, што Расея не шукае цяпер саюзнікаў у Еўропе наконт адмены санкцый, іх залагоджання, у іншых пытаннях. Працуе і дыпламатыя, і выведка», – заўважыў экс-кіраўнік спецслужбаў Літвы.

Іншая мэта Расеі, на думку суразмоўцы «Белсату», – даведацца, што адбываецца ў самой Літве, як выглядаюць справы ў вайсковай сферы, ці ёсць нейкія сакрэты. «Я думаю, праца ідзе вельмі інтэнсіўна. Наколькі я чытаю, яны нават не хаваюць гэтага», – адзначыў Мячыс Лаўрынкус.

МЯ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары