Былы амбасадар Украіны ў Беларусі: Калі Расея захоча напасці на нас з поўначы, то дазволу ў беларусаў прасіць не будуць


Шчырае інтэрв’ю з бескампрамісным экс-амбасадарам Раманам Бяссмертным, якога адклікалі з Менску пасля крытыкі Лукашэнкі за разгон Плошчы-2010. Цяпер экс-дыпламат працуе ў акадэміі навук на кафедры раслінаводства.

Спадар Раман, вы больш за год працавалі надзвычайным упаўнаважаным амбасадарам у Беларусі. Як вы запомнілі нашую краіну і беларусаў?

Гэта таленавіты народ і выбітная культура. Калі б не гэты ўнутраны боль за тое, што адбываецца з мовай – бо я размаўляю па-ўкраінску, мае дзеці вучацца ва ўкраінскай школе, – таму стаўленне да беларускай мовы мяне ўразіла. Калі я пачаў чытаць беларускую літаратуру, мне стала балюча за тое, што адбываецца ў Беларусі. І гэты боль мяне ніколі не пакідае пасля таго, як я перакрочваю беларускую мяжу. Людзі, культура, традыцыі – гэта галоўнае. А ўлада і істэблішмент – гэта ўсё часовае. Беларускі народ заслугоўвае права быць часткай еўрапейскай сямʼі.

Ці справядліва называць сучасны дзяржаўны лад Беларусі «апошняй дыктатурай Еўропы»?

З аднаго боку, у Беларусі ёсць прэзідэнт і парламент, або «палатка», як яго называюць беларусы. Але гэта ўсё ўмоўнае, бо сапраўдны гаспадар у Крамлі. Я разумею, чаму спадар Лукашэнка брыкаецца і робіць усе гэтыя жэсты, але адчування, што гэтую ўладу абралі беларусы і ёю ніхто не кіруе, – няма. Беларускую ўладу выпрабоўваюць прапановамі размяшчэння вайсковай базы, вырашаюць, ці мае яна права прыватызаваць «Беларуськалій», ці не… Я неаднаразова чуў у беларускіх калідорах улады фразы: «А што вы сюды прыехалі ўзгадняць? Едзьце ў Маскву».

Вы працавалі ў Беларусі ў 2010-м, калі выбарчая кампанія скончылася брутальным разгонам акцыі пратэсту. Тады вы асудзілі дзеянні ўлады. Што вы памятаеце з тых падзеяў?

Цяжка забыць тое пабоішча. Для мяне гэта было трагедыяй і прыдуманым уладай спектаклем з гэтым жалезам, пабітым шклом. Але ў 2010-м я нават не мог уявіць, што адбудзецца ў 2013–2014 гадах у Кіеве. Я тады пракаментаваў Плошчу словамі, што на месцы Лукашэнкі Януковіч вылецеў бы як корак з бутэлькі шампанскага. Я ўпэўнены, што незалежна ад таго, наколькі «моцная» ў Кіеве ўлада, яна ніколі не зможа падмяць пад сябе народ. Пасля 2010-га Лукашэнка і ягоныя падначаленыя не заслугоўваюць, таго, каб заставацца ва ўладзе.

Тое, як вы пракаментавалі тыя падзеі, паўплывала на вашую карʼеру?

Гэта была адна з прычынаў, з якой мяне вызвалілі ад займанай пасады. Я рабіў сваю працу і не меў жадання зазіраць у рот той ці іншай палітычнай сіле.

Чаму ў Беларусі дагэтуль не прызначылі новага амбасадара Украіны?

Гэтае пытанне трэба задаць кіраўніку ўкраінскага МЗС і прэзідэнту. Я, шчыра кажучы, не разумею, чаму яго няма. Імаверна, што гэта звязана з перамоўным працэсам пра Данбас у межах Менскай групы.

Як бы вы акрэслілі сённяшнія беларуска-ўкраінскія стасункі?

Ні міра, ні вайны. Я разумею і ўкраінскага прэзідэнта і ўрад, якія не хочуць страціць таго, што маюць, але прапанаваў бы ім некалькі дзён пажыць у Менску і паглядзець ТБ, каб зразумець, з кім яны маюць справу. Усе размовы пра сяброўства Беларусі і Украіны заканчваюцца на зомбаскрыні, якую кантралюе Крэмль. Расейскае тэлебачанне робіць нас ворагамі.

Як анексія Крыму і вайна на Данбасе паўплывалі на беларуска-ўкраінскія дачыненні?

Адносіны абвастрыліся. Беларусы ваююць па абодва бакі. Але стаўленне да тых, хто змагаецца на ўкраінскім баку, адрозніваецца ад стаўлення да тых, хто ваюе за Расею. Паглядзіце, як КДБ здзекуецца з бацькоў Жызнеўскага. Пра што можна размаўляць, калі людзі, якія ваююць на расейскім баку, трэнуюць вашых піянераў, а тых, хто бʼецца за Украіну, абвяшчаюць нягоднікамі.

Якія выгады прынеслі Лукашэнку менскія перамовы пра Данбас?

Лукашэнка выціснуў з вайны паміж Украінай і Расеяй і Менскага працэсу ўсё, што толькі магчыма. Калі раней міжнародных рэйсаў з Менску было пяць, то цяпер іх больш за сорак. У любым расейскім горадзе вы можаце знайсці беларускія крэветкі і трапічную садавіну. Гэта мой адказ на вашае пытанне. Я ўжо не кажу пра адмену еўрапейскіх санкцыяў. Для звычайнага беларуса – гэта добра. Але гэта павялічыць час паранаідальнага кіравання краінай Лукашэнкам.

Ці можна лічыць Менскія перамовы эфектыўнымі?

Іх недастаткова, каб спыніць вайну. Неабходныя дадатковыя захады і рэканструкцыя Менскага працэсу. Я не веру, што гэтыя перамовы дазволяць усталяваць шырокамаштабны мір. Дай Бог, што будуць мінімізаваныя абстрэлы і атрымаецца дамовіцца аб абмене незаконна ўтрымліваных асобаў. Ва ўсіх астатніх пытаннях трэба шукаць іншыя фарматы.

Ці ёсць рызыка, што Расея нападзе на Украіну з тэрыторыі Беларусі?

Калі Расея захоча гэта зрабіць, то ў беларусаў ніхто пра гэта пытацца не будзе. Дарэчы, Еўропа сёння не разумее, што мае дачыненне з Пуціным, які кіруецца логікай вайны, а не міру.

ЮВ, Антось Цялежнікаў, belsat.eu

Стужка навінаў