Былога галоўнага следчага Менску прысудзілі да дзевяці гадоў зняволення


Георгія Жука абвінавачвалі ў атрыманні хабару ў 80 тысяч долараў. Пакаранне ён будзе адбываць у калоніі ўзмоцненага рэжыму, калі Вярхоўны суд пакіне прысуд у сіле.

Паводле следства, хабар былы міліцыянер атрымаў яшчэ ў 2005 годзе. Іншыя абвінавачаныя па гэтай справе, у тым ліку былыя супрацоўнікі КДБ і ўпраўлення па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі МУС, былі асуджаныя яшчэ ў 2006-м. Жук амаль дзесяць гадоў хаваўся ў Расеі. Сваю віну ён не прызнаў, заявіўшы, што былыя калегі яго агаварылі.

У 2005 годзе Георгій Жук быў намеснікам начальніка ўпраўлення папярэдняга расследавання ГУУС Менгарвыканкаму. Як тлумачыў абвінавачваны ў судзе, на той час пасада кіраўніка была вакантнай, таму ён і лічыўся галоўным следчым сталіцы.

Хабар, як вынікае з абвінавачвання, ён атрымаў ад літоўскага бізнесмена, які меў праблемы з праваахоўнымі органамі ў Беларусі. Тавар, які ён пастаўляў, затрымлівалі, а ў адносінах да падначаленых распачыналі крымінальныя справы. Жук пагадзіўся дапамагчы за 150 тысяч долараў. Аднак атрымаў ён грошы часткова – 80 тысяч. За гэта партнёр літоўца, у якога былі сувязі ў Адміністрацыі прэзідэнта, абяцаў дапамагчы міліцыянеру застацца пры пасадзе.

У Жука таксама канфіскуюць маёмасць – аўтамабіль «Мэрсэдэс-Бенц», гараж у Менску, вінтоўку, пісталет, патроны. Жука пазбавілі звання палкоўніка міліцыі, цягам пяці гадоў ён не можа з’яўляцца прадстаўніком улады і павінен выплаціць 80 тысяч долараў, якія атрымаў незаконным шляхам.

Прысуд суда пакуль не набыў законнай моцы і можа быць абскарджаны ў Вярхоўным судзе.

ДР belsat.eu паводле БелаПАН

Стужка навінаў