Былая жыхарка Аўдзееўкі: У гэтага гораду няма будучыні


Алена Судзіна – дачка аднаго з герояў рэпартажу Антося Цялежнікава. Яна разам з сынам з’ехала з Аўдзееўкі ў Польшчу, дзе распачала вучобу. Ейны бацька застаўся ў родным горадзе. Жанчына распавяла пра тое, як жывуць звычайныя людзі ў горадзе, што знаходзіцца пад няспынным абстрэлам сепаратыстаў.

Алена, чаму Ваш тата кажа, што нічога надзвычайнага не адбываецца? Хаця мы ведаем, што насамрэч там адбываюцца страшныя рэчы?

Насамрэч, мясцовыя жыхары, якія не выязджалі з Аўдзееўкі цягам гэтых двух гадоў, у якой ідзе такая страшная вайна, – яны ўжо прызвычаіліся да таго, што там адбываецца. Часцяком яны нават не звяртаюць увагі на гэтыя жудасныя гукі, што раздаюцца навокал, і гэтак далей. Яны жывуць быццам сваім звычайным жыццём: дзеці ходзяць у школы, якія працуюць, людзі ходзяць у крамы – займаюцца штодзённымі справамі. А між тым, яны знаходзяцца ў эпіцэнтры ваенных дзеянняў, і гэта – самае страшнае, што там цяпер адбываецца.

А як здарылася так, што ты апынулася тут, у Варшаве, а твае бацькі засталіся там?

Гэта быў вельмі цяжкі выбар, адзін з самых страшных момантаў майго жыцця. Я мусіла выбіраць паміж бяспекаю і развіццём майго дзіцяці і маймі бацькамі. І, натуральна, як маці я вырашыла, што мне трэба ратаваць сына. Зазіраючы наперад, аналізуючы перспектыву, я разумела, што будучыні там для яго, на жаль, не будзе.

А як цяпер твой сын успрымае тое, што адбываецца ў Аўдзееўцы? Ці наагул ёсць магчымасць, што ён можа туды вярнуцца, паехаць на канікулы да дзеда?

Ён вельмі блізка да сэрца бярэ тое, што адбываецца і, сапраўды, вельмі перажывае. Праз нейкі час я нават не дазваляла яму глядзець навіны, бо ён усё гэта ў сябе трымаў, і яму было балюча і страшна. Ён яшчэ падлетак і не ў стане ацаніць усё, што там адбываецца, цвяроза, аналітычна, таму мы намагаліся яго ад пэўнай інфармацыі ахаваць. Цяпер ён ужо пасталеў на два гады і больш цвяроза ацэньвае сітуацыю. Мой сын вельмі сумуе па бабулі ды дзядулі, але, на жаль, не можа да іх паехаць нават на вакацыі, бо яму няма куды вяртацца. Гэта не адпаведнае месца для дзіцячых вакацыяў.

Як ты сама сабе тлумачыш, што там цяпер адбываецца?

Я не бяруся ацэньваць сітуацыю з палітычнага пункту гледжання. Як звычайны чалавек я магу сказаць, што людзі, якія там жывуць, ператварыліся ў нейкія статыстычныя факты ды паперкі, абсалютна бяздушныя. Няма спагады да гэтых людзей, іх не ўспрымаюць як жывых істот, якія могуць баяцца, якія два гады жывуць у нялюдскіх умовах, без свету, без цяпла ў хатах, без вады. Ці можа нехта ўявіць сабе цяпер сваё жыццё без вады ў кране ці без электрычнасці, ці без ацяплення, ці што людзі ў мінус 18 градусаў спяць пад усімі магчымымі коўдрамі? Мне вельмі цяжка было паверыць, каб я не пабачыла на ўласныя вочы, што ў 21 стагоддзі, у часы развіцця новых тэхналогіяў, такія першабытныя рэчы маюць месца.

Як ты бачыш будучыню Аўдзееўкі? Ці ты наагул бачыш магчымасць, што ты туды можаш калісьці вярнуцца?

Цягам бліжэйшых некалькіх гадоў будучыня Аўдзееўкі мне ўяўляецца вельмі сумна. Аўдзееўскі коксахімічны завод, што зʼяўляецца градаўтваральным прадпрыемствамі, моцна пацярпеў, і цяпер знаходзіцца на кансервацыі. А гэта тое прадпрыемства, што сілкавала гэты горад, забяспечвала працоўныя месцы, вакол якога будавалася ўсё жыццё. Цяпер там няма школаў, адпаведна, няма моладзі. Гэты горад проста не мае будучыні.

Відэаверсія размовы ў поўным выданні «Прасвету».

Як выглядае жыццё ў часе няспынных абстрэлаў за 10 кіламетраў ад Данецку? І чаму мясцовыя не ўцякаюць з гораду? Пад абстрэлам «Градаў» пабываў наш карэспандэнт Антось Цялежнікаў.

Стужка навінаў