Былая Міс «Маладога фронту» гандлюе замкамі ў Чэхіі


Былая Міс «Маладога Фронту» цяпер займаецца продажам палацаў ды замкаў у Чэхіі. Іншая актывістка, якая выйшла на пратэсты падчас Плошчы-2006, перакладае для рэжысёра Андрэя Звягінцава на фестывалі ў Карлавых Варах. Чаму жанчыны пакінулі радзіму і аказаліся патрэбнымі за мяжой?

Сюжэт праграмы »Прасвет«, якая выходзіць на »Белсаце« штопятніцу а 21:50. Глядзець праграму можна он-лайн на нашай старонцы. Пасля эфіру выданне можна знайсці ў нашым архіве.

Замкаў у Чэхіі налічваецца каля 2 тысяч, і толькі каля 100 з іх належаць дзяржаве. Іх кошты вагаюцца да € 19 тыс. да 6 млн. Але замак можна набыць і за адну крону. Агенцтва «Vip Castle», якім кіруе пераможца конкурсу прыгажосці «Маладога фронту» ў 1996 годзе Наталля Маковік разам з мужам, – унікальнае ў Чэхіі. Такім бізнесам у гэтай краіне не займаецца ніхто іншы.

Спадарыня Маковік прызнаецца, што гандаль замкамі дае ёй адчуванне, што яна ратуе гісторыю: «Спецыфіка чэшскіх замкаў такая, што ім патрэбная рэканструкцыя».

«Не трэба плаціць хабар, каб адкрыць фірму ў Еўропе, не трэба мець кантакту з алігархамі, каб прадаваць гэтыя замкі. Гэта ўсё проста ў нашай галаве. Насамрэч усё прасцей у гэтым свеце. Галоўнае мець мэту, жаданне, пачынаць і рабіць», – адзначыла былая актывіста «Маладога фронту».

Падобных прынцыпаў прытрымліваецца былая жыхарка Маладзечна Крысціна Шыянок. Яна – прафесійная перакладчыца, якая з’ехала з Беларусі пасля падзеяў Плошчы-2006. Прадмет асаблівага гонару беларускі – праца падчас кінафестываляў у Празе і ў Карлавых Варах. Летась ёй пашанцавала быць асабістаю перакладчыцай Андрэя Звягінцава, рэжысёра нашумелага ў Расеі фільму «Левіяфан». Такія працы Крысціна лічыць высокім палётам у кар‘еры перакладчыка.

«Прага – гэта горад магчымасцяў. І ты ніколі не ведаеш, якая цікавая праца цябе тут напаткае. Калі я сюды прыехала, я ніколі не думала, што ў мяне будзе магчымасць пазнаёміцца і сустрэцца, а самае галоўнае – перакладаць для такіх выбітных асобаў».

Ад прыступаў настальгіі па радзіме беларуска не пакутуе. Беларускай у Празе, як сама сцвярджае, яна адчувае сябе больш, чым у Беларусі – тут шмат беларускамоўных суайчыннікаў, шмат беларускіх арганізацыяў. Беларускія нацыянальныя святы як, напрыклад, Дзень Волі ў Празе можна святкаваць публічна, адкрыта і абсалютна беспакарана.

МЯ, belsat.eu

Стужка навінаў