Быкаў, у якога забралі мову. І крыху народнае кіно


Надоечы ў Менску адбылася закрытая прэм’ера кінастужкі Аляксея Туровіча «Жоўты пясочак» паводле аднайменнага апавядання Васіля Быкава. Аўтар прэзентаваў свой фільм як народнае кіно.

Некалі ідэю экранізаваць «Жоўты пясочак» выношваў Ігар Дабралюбаў, але яго планы так і не ажыццявіліся, бо рэжысёр меркаваў, што такую задуму трэба здзяйсняць годна, маючы адпаведны бюджэт у некалькі мільёнаў долараў.

Аляксей Туровіч рызыкнуў зняць кіно за свае сродкі (выйшаўшы з турмы, куды трапіў, паводле словах аўтара, бо «балатаваўся ў парламент»). Дакладныя лічбы выдаткаў рэжысёр адмовіўся агучваць паводле зразумелых прычынаў, але падзяліўся тым, што за гукавое аздабленне карціны ён яшчэ застаўся вінен гукарэжысёру 6,5 тысяч долараў (што складае поўны бюджэт некаторых незалежных беларускіх фільмаў).

Сродкі, якіх не стае, аўтар плануе сабраць з тых, хто на добраахвотнай аснове захоча паспрыяць карціне. Таксама пасля першых крытычных заўваг і абмеркаванняў пасля прагляду, Аляксей вырашыў, што было б добра таксама сабраць і суму на пераагучку фільма на беларускую мову.

І тэма фільма (расстрэл у Курапатах супрацоўнікамі НКУСу беларусаў), і тое, што гэта экранізацыя вялікага нашага нацыянальнага пісьменніка, відавочна падказвалі, на якой мове рабіць кіно. Але стужку знялі па-расейску. Яшчэ больш дзіўна, што нават селянін і паэт размаўляюць у карціне чысцютка па-маскоўску. Аляксей Туровіч тлумачыць гэта прысутнасцю нейкага патэнцыйнага замоўцы з Расеі, які першапачаткова меркаваў выкупіць карціну. Але не выпала. Пры ўсёй шчырасці і апантанасці беларускіх аўтараў – і Аляксей Туровіч тут не вынятак – у творах кожнага адчуваецца істотны недахоп часу і сродкаў на ажыццяўленне задуманага.

Прэм’ера «Жоўтага пясочка» праходзіла ў камернай атмасферы. Між тым аўтар акрэсліў свой фільм як «народнае кіно». «Мо нацыянальнае?» – запытаў адзін з гледачоў. – «Не-не, народнае!» – удакладніў рэжысёр.

Карціць разабрацца. Народным называюць кіно, якое любіць просты люд, у якім паказаныя народныя тыпажы, пазнавальныя, зразумелыя характары, якім спачуваюць, якіх разумеюць. Фільмы «Міміно» Г. Данэліі; польскі «Ва-банк» Ю. Махульскага; «Каліна чырвоная» В. Шукшына; «Каханне і галубы» У. Мяньшова, альбо нашыя «Белыя Росы» І. Дабралюбава па сцэнары Аляксея Дударава. Гэтыя фільмы сталіся сапраўды народнымі – іх любяць і ведаюць.

Нацыянальнае ж кіно мае даволі канкрэтныя прыкметы. Створаны фільм мусіць быць на аснове нацыянальна значнага твора айчыннага аўтара зроблены пераважна беларускімі аўтарамі, бальшыня выканаўцаў павінна быць беларусамі, а сам фільм – уздымаць нацыянальныя праблемы ці закранаць важныя гістарычныя падзеі. Агулам – мець нацыянальны характар. Маленькі нюнас – фінансавацца такое кіно ў большай частцы аб’ёму бюжэту павінна знутры краіны. І, натуральна, – гучаць на роднай мове.

Уважліва ўглядзеўшыся ў кінатвар Беларусі апошняга дзесяцігоддзя, зразумела, што ніводная кінаспроба, якая прэтэндавала на тое, каб стаць народнай ці нацыянальнай, у выніку таго так і не дасягнула. І прыкладаў – безліч. Пачынаючы ад «Анастасіі Слуцкай» Юрыя Ялхова і сканчаючы «Партызан-фільмам» Курэйчыка.

Але тут паўстае і іншае пытанне: не здымаць увогуле, не атрымаўшы адпаведныя сродкі? – Але як іх атрымаць, не маючы прыкладаў зробленага? Ці ўсё ж практыкавацца на меншых формах, не замахваючыся адразу на прызнанне ўсяго народу ці нацыянальную значнасць?

Дзе ж гучала беларуска кіно апошнім часам? Далёка ісці не даводзіцца… Сёння ўначы стала вядома пра перамогу беларускага кіно ў ЗША – на трэцім па значнасці Міжнародным кінафестывалі ў Паўночнай Амерыцы WorldFest, які адбываўся ў Г’юстане залатым прызам «Рэмі» у намінацыі «Рамантычныя гульнявыя мастацкія фільмы» ўзнагародзілі мастацкім фільм беларускай рэжысёркі Аляксандры Бутар «Салодкае развітанне Веры» (Нацыянальная кінастудыі «Беларусьфільм»). А першая серыя першага беларускага веб-серыялу жахаў на беларускай мове «Заклятыя Скарбы» маладога рэжысёра Сержа Аўсяніка за першыя дні свайго з’яўлення ў сеціве набрала больш за 400 тысяч жывых праглядаў. Радасна было за дзве гэтыя стужкі. Да сцэнару «Заклятых скарбаў» нават пашчасціла прыкласці руку самой.

А ўжо ў траўні мусіць трапіць у пракат яшчэ адна патэнцыйна яркая кінападзея – фільм «Першадрук» (рэжысёр Ігар Чышчэня, сцэнарыст Уладзімір Мароз), які здымаўся на тэрыторыі ажно чатырох краін (Беларусі, Польшчы, Чэхіі і Расеі). Фільм прысвечаны Францыску Скарыну і прымеркаваны да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання.

Паводле слоў пастаноўшчыка, мэтай стваральнікаў было не проста расказаць біяграфію Скарыны, а спраецыраваць асобу першадрукара на сённяшні дзень, паказаць, што яго ідэі і прынцыпы жывуць у сучаснасці.

Ну, што ж, яшчэ пару крокаў – і ўжо зусім цёпленька… І будзем не горшыя за Кіргізію ці Узбекістан, якія і па сёння ганарацца сваймі вялікімі нацыянальнымі творцамі Таламушам Акеевым ды Алі Хамраевым.

Валярына Кустава для belsat.eu 

Глядзі таксама
Каментары