Бязвізавы рэжым у Горадні і Берасці падоўжаць да 10 дзён


Бязвізавы рэжым у Горадні і ў Берасці будзе прадоўжаны да 10 дзён, распавёў віцэ-прэм’ера Анатоль Калінін.

«Цяпер на завяршальнай стадыі ўзгаднення знаходзіцца праект указа кіраўніка дзяржавы, які тычыцца ўстанаўлення бязвізавага парадку ўезду і выезду замежных грамадзян. Гаворка ідзе пра Берасце і Горадню, а таксама прылеглых да іх тэрыторыях, дзе бязвізавы рэжым будзе падоўжаны да 10 дзён, – перадае словы віцэ-прэмʼера БелТА.

Пасля гэтага тэрмін таксама можа быць павялічаны, дадаў ён. Паводле словаў Анатоля Калініна, гэтыя меры будуць спрыяць прытоку турыстаў.

Бязвізавы рэжым у Горадні быў уведзены ў мінулым кастрычніку. Сёння замежнікі могуць без візы прыязджаць на тэрыторыю Аўгустоўскага канала і прылеглыя населеныя пункты. Уехаць у бязвізавую зону турысты могуць праз тры кантрольна-прапускныя пункты: з боку Польшчы – «Лясная» / «Рудаўка» і «Брузгі» / «Кузніца Беластоцкая», а з боку Літвы праз пункты пропуску «Прывалка» / «Швяндубрэ» і « Прывалка »/« Райгардас ». Нядаўна ў Горадні сустрэлі 50-тысячнага бязвізавага турыста.

У Берасцейскай вобласці бязвіз дзейнічае на беларуска-польскім пераходзе «Перароў – Белавежа». Турыстам дастаткова мець пры сабе пашпарт і дакумент, які пацвярджае права замежнага грамадзяніна на наведванне НП «Белавежская пушча» – знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі яны могуць 3 дні.

12 лютага ў Беларусі запрацаваў пяцідзённы бязвізавы рэжым для грамадзян 80 краін. Скарыстацца гэтай магчымасцю могуць толькі тыя, хто прыляціць у аэрапорт Менск на міжнародным рэйсе. Па бязвізе ў Беларусь у гэтым годзе прыляцелі каля 80 тысяч турыстаў.

КА, belsat.eu

Стужка навінаў