Бязвізавы рэжым у Белавежскай пушчы прываблівае ўсё болей замежнікаў


Прыбытак нацыянальнага парку за апошнія пяць гадоў павялічыўся ў пяць разоў – у тым ліку дзякуючы бязвізаваму памежнаму пераходу, які адкрыўся летась.

«У 2010 годзе ад турызму мы атрымлівалі каля 7–9 %, асноўны прыбытак быў ад лесагаспадарчай дзейнасці. За мінулы год угандляванае ад турыстычнай дзейнасці склала 40–45 %. Сёння ўведзены найбольш бязбольны рэжым карыстання нацыянальным паркам, які зберагае яго. Мы пераходзім на эколага-арыентаваную эканоміку», – распавядае генеральны дырэктар нацыянальнага парку Аляксандр Буры.

Ён дадаў, што ў Белавежскай пушчы робіцца акцэнт на падзейны турызм. «Нам неабходна больш праводзіць фестываляў, іншых імпрэзаў. Гэта найбольш эфектыўны маркетынгавы ход. Можна максімальна зарабіць з мінімальнай нагрузкай на прыроду запаведніку», – адзначыў гендырэктар нацыянальнага парку.

14–15 траўня ў Белавежскай пушчы пройдзе першы міжнародны фестываль паляўнічай рагавой музыкі і песні. Запрошаныя калектывы выканаюць на Царскай паляне рагавую музыку, старадаўнія песні пра прыроду, паляванні. Запланаваны конкурс паляўнічай кухні, выстава сабак паляўнічых пародаў, кірмаш паляўнічага адзення. Народныя ўмельцы зарганізуюць майстар-класы. Таксама аматары палявання змогуць паспаборнічаць у стэндавай стральбе, стральбе з лука і арбалета.

На турыстычнай папулярнасці нацыянальнага парку станоўча адбіваецца ўвядзенне ў 2015 годзе бязвізавага рэжыму для замежных грамадзянаў у пункце пропуску «Перароў–Белавежа».

За гэты час паслугай скарысталіся больш за 6 тысячаў жыхароў Польшчы, Нямеччыны, Францыі, Канады. Зручна і тое, што турысты могуць замовіць пэўны тур праз інтэрнэце і аплаціць яго па безнаяўным разліку.

«Дынаміка станоўчая. Хоць сезон толькі пачынаецца, але сёлета паводле бязвізавага рэжыму праз мяжу прайшлі каля 1 тыс. іншаземцаў. Думаю, з цягам часу будзе больш. Гэта будзе добрым прыкладам для развіцця турызму не толькі ў Белавежскай пушчы, але і ў цэлым у краіне», – упэўнены Аляксандр Буры.

Да досведу Берасцейшчыны прыглядаецца старшыня Гарадзенскага аблвыканкаму Уладзімір Краўцоў: магчыма, у будучыні падобная мера будзе прынятая на памежным пераходзе «Лясная–Рудаўка» на Аўгустоўскім канале. Раней паведамлялі, што з траўня гэты пераход стане даступны не толькі для байдарак ці малых караблёў, але таксама для пешаходаў ды раварыстаў.

ДД, belsat.eu; фота: «Виртуальный Брест»

Глядзі таксама
Каментары