Бязмытны ўвоз міжнародных пасылак: што і калі зменіцца?


Фота belta.by

Што трэба ведаць пра ліміты тавараў з-за мяжы ды мыты на іх?

У Беларусі істотна зніжаны ліміты бязмытнага ўвозу тавараў ды зменшана вага бязмытных пасылак з-за мяжы. Адпаведны ўказ № 40 кіраўнік Беларусі падпісаў 11 лютага.

Наколькі зніжаны ліміт бязмытнага ўвозу?

Раней норма складала € 200 у месяц, але не больш за 31 кг, цяпер яна зменшаная да € 22 еўра, але не больш за 10 кг.

Чаму прынятая пастанова пра зніжэнне?

Змены нормаў звязаныя з тым, што ў апошні час назіраецца значнае павелічэнне ўвозу ў Беларусь у міжнародных паштовых адпраўленнях камерцыйных партыяў тавараў. Іншымі словамі, гэта адна з формаў барацьбы з нелегальнымі прадаўцамі. Для параўнання: за два апошнія гады колькасць камерцыйных партый, што ўвозяцца з інтэрнэт-крам, павялічылася ў шэсць разоў.

Колькі грамадзянаў Беларусі купляюць тавары ў замежных інтэрнэт-крамах?

Паводле звестак Дзяржаўнага мытнага камітэту, летась міжнародныя пасылкі атрымлівалі каля 10 % беларусаў. Гэта значыць для 90 % грамадзянаў з уступленнем указа ў сілу нічога не зменіцца.

Чаму € 22?

Беларусь пайшла па прыкладу Еўрапейскага Звязу, дзе норма бязмытнага ўвозу тавараў у міжнародных паштовых адпраўленнях у некаторых краінах таксама складае € 22.

Калі ў міжнароднай пасылцы тавары на суму больш за € 22 і 10 кг?

Калі сума ўвазных тавараў перавысіць € 22 еўра і 10 кг, то на перавышаную велічыню будуць налічаныя мыты, падаткі па адзінай стаўцы 30 % ад кошту, але не менш як € 4 за 1 кг.

Якія яшчэ змены прадугледжвае ўказ № 40?

Увоз тавараў на суму больш за € 300 часцей чым раз на квартал будзе абкладацца мытнымі плацяжамі. Указ уносіць змены ў парадак перамяшчэння тавараў для асабістага карыстання праз аўтамабільныя і чыгуначныя пункты пропуску. Дзейная норма ў € 1,5 тыс і 50 кг бязмытнага ўвозу застаецца дзейнічаць, але калі грамадзяне будуць перасякаць мяжу часцей як раз на тры месяцы, то тавары сумай звыш € 300 не будуць прызнавацца мытнымі органамі таварамі для асабістага карыстання, а будуць абкладацца мытнымі плацяжамі. Выключэнне складуць тавары, што ўвозяцца паветраным транспартам, працаўнікамі дыпламатычных прадстаўніцтваў і консульскіх устаноў, а таксама тавары, увезеныя раней і тыя, якія ўвозяцца фізічнымі асобамі назад.

Калі змены ўступяць у сілу?

Указ № 40 уступіць у сілу праз два месяцы пасля яго афіцыйнага апублікавання. На дадзены момант на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале дакументу няма. Таму назваць канкрэтную дату пакуль нельга. Як растлумачылі ў Дзяржаўным мытным камітэце, названы тэрмін – два месяцы – вызначаны зыходзячы з гранічнага часу прыбыцця на тэрыторыю Беларусі міжнародных пасылак, замоўленых да ўступлення ў сілу ўказу. Атрымліваецца, што грамадзяне, якія ўжо замовілі міжнародную пасылку, змогуць яе атрымаць па старых нормах бязмытнага ўвозу.

МЯ, паводле belta.by

Глядзі таксама
Каментары