Бяжы, беларус! Як нашы продкі сталі мігрантамі 100 год таму – новы фільм «Белсату»


«Былі горы трупаў з будынкі вышынёю. Так да вясны яны праляжалі, іх аблілі бензінам і падпалілі», – распавядае пра лёс уцекачоў герой фільму «Бежанцы. 1915–1922». Прэм’ера – у верасні, а мы ўжо ўзялі інтэрв’ю ў рэжысёра.

Фільм распавядае пра адну з самых маштабных у ХХ стагоддзі прымусовых міграцыяў – падчас Першай сусветнай вайны, калі свае дамы пакінулі каля 3 млн чалавек, пераважна праваслаўных беларусаў, украінцаў і расейцаў.

Летам 1915 года, расейская армія адступала з заходніх губерняў Расейскай імперыі, пакідаючы немцам спаленую зямлю. Царскія ўлады высялялі сялянскія семʼі, некаторыя ўцякалі самі, гарэлі цэлыя вёскі. Сотні тысяч вазоў цягнуліся на ўсход. Яны запаўнялі дарогі, праціскаючыся паміж ваеннымі калонамі. Панавала пекла: эпідэмія тыфу і халеры, спёка, нястача пітной вады, голад, абстрэлы і бамбаванне з боку немцаў. Агромністая тэрыторыя сучаснага Падляшша, абшары вакол Любліну і Хэлму, іншыя заходнія рэгіёны Расейскай імперыі ды ў меншай ступені цэнтральнай Польшчы – пусцелі.

Вось што Юрый Каліна, вядомы сваймі фільмамі «Архімандрыт» і «Сярожа», распавёў нам пра сваю новую стужку.

Як згніў куфар грошай

Тэма бежанства прысутная ў маім жыцці з дзяцінства. Я родам з вёскі Кашэлі, гэта ўсходняе Падляшша, дзе вялікі адсотак насельніцтва складаюць беларусы. З намі жыла прабабуля Зоф’я. Яна была бежанкай, як і ўсе старэйшыя жыхары не толькі вёскі, але і ўсёй ваколіцы.

Прабабуля мела куфар, поўны банкнотаў. Перш за ўсё, царскіх, з выявамі не вядомых мне тады барадатых мужчынаў і адной вялізнай жанчыны. Але былі і савецкія, і нейкія іншыя, цяпер не прыгадаю. Мы з сябрамі гулялі гэтымі грашыма ў карты.

Юрый Каліна

Аднойчы, начытаўшыся Джэка Лондана і падобных аўтараў, я вырашыў зрабіць скарб – закапаў у скрыні з дошак пад вялікім каменем на падворку і напісаў таемныя знакі, каб пасля нехта змог адшукаць. Ды… так і забыўся пра гэтыю гісторыю. Узгадаў толькі праз 10 год. Да таго часу ўсе прабабулевы зберажэнні згнілі…

Збіралі вату, сталі сведкамі забойства

Магчыма, таму, калі пачаў працаваць на тэлебачанні ў 1995-м, вырашыў неяк апраўдацца перад прабабуляю, на той час ужо нябожчыцай. Запісаў успаміны жывых яшчэ бежанак-аднавясковак. Суседка Лікерыя ўзгадвала, як у Казахстане збіралі вату. Дзед Мікіта распавёў, як недзе над Волгай у 1918-м чырвоны зарубіў шабляю чырвонага. Такіх аповедаў набралося дзясяткі, да іх дадаліся інтэрв’ю з гісторыкамі ды публіцыстамі. З гэтага і паўстаў фільм «Бежанства. 1915-1922».

Тэма гэта мала вядомая шырокай супольнасці. Яна жыла толькі ў сямейных аповедах. А ўцякаць былі вымушаны амаль 3 млн жыхароў заходніх губерняў Расейскай імперыі. На жаль, большасць былі непісьменнымі сялянамі, таму ўспамінаў амаль не засталося.

Бежанцы. Архіўнае фота
Падчас здымкаў фільму «Бежанцы. 1915–1922»
Падчас здымкаў фільму «Бежанцы. 1915–1922»
Падчас здымкаў фільму «Бежанцы. 1915–1922»
Бежанцы. Архіўнае фота
Бежанцы. Архіўнае фота

У 100-ю гадавіну гэтай самай маштабнай хвалі бежанства ў Цэнтральнай Еўропе з’явіліся выданні, якія часткова запоўнілі гэты прабел (выдадзены тыднёвікам «Ніва» ў Беластоку зборнік успамінаў «Бежанства 1915 года», кнігі Анэты Прымака-Онішк (Aneta Prymaka-Oniszk) і Дарафея Фіёніка).

Сюрпрыз з Дзяржынскага архіву

Тады я і пачаў здымаць фільм. Запісаў размовы з 30 сведкамі, іх дзецьмі ды ўнукамі. З дзясяткам гісторыкаў, у тым ліку Віталём Карнелюком, Уладзімірам Ляхоўскім, Сяргеем Токцем, Генадзем Семенчуком – з Беларусі ды Яўгенам Мірановічам з Беластоку. У Беларускім дзяржаўным архіве кінафотафонадакументаў у Дзяржынску я знайшоў абсалютна ўнікальную кінахроніку 1918 года з Воршы пра бежанцаў, якія вяртаюцца з Расеі на Захад. Да гэтага дадаліся мастацкія сцэны з удзелам актораў. Агулам паўстала калі 40 гадзінаў відэа, з якога змантавалі 50-хвілінны фільм.

Мне падаецца, гэты фільм – не толькі пра трагедыю 100-гадовай даўніны, калі мільёны мірных жыхароў сталі ахвярамі імперскай палітыкі. Ён мае аналогіі з сучаснасцю. Стагоддзе таму ўцекачы знайшлі ежу і дах над галавою ў розных кутках Расеі. Амаль усе бежанцы ўзгадваюць, што прымалі іх там, як сваіх, дзяліліся апошнім, дапамагалі… Сёння ў Еўропе шмат хто зачыняе дзверы перад ахвярамі вайны. І тут узнікае пытанне: хто мудрэйшы – мы ці нашыя продкі?

Чытайце таксама:

Інга Астраўцова

Стужка навінаў