Бясплатная медыцына ў Беларусі пачынае знікаць


Пацыенты і работнікі галоўнага корпусу Крычаўскай цэнтральнай раённай больніцы рызыкуюць апынуцца пад абломкамі. Будынку ўжо больш за 60 гадоў. Падлога на другім і трэцім паверхах пагнулася, у выніку чаго раствор і кафля павялічылі нагрузку на столь. Каб пазбегнуць абвалу, столь, яшчэ ў студзені гэтага года, проста падперлі драўлянай канструкцыяй. Людзям таксама забаранілі карыстацца холам.

«Працаваць у шпіталі пры такіх умовах небяспечна. У любы момант можа адбыцца невядома якое надзвычайнае здарэнне», – зазначае Мікалай Гердзій, эканамічны аглядальнік газеты «Вольны горад».

Застаецца рэанімацыя і адміністрацыя

Мясцовыя ўлады аб стане старога шпіталю даведаліся яшчэ ў 2010-м. Было вырашана пабудаваць новы корпус. Паводле нарматыўных тэрмінаў, адкрыцца новая лячэбная ўстанова мела ўжо тры гады таму, аднак на сённяшні дзень унутры будынку яшчэ нават не скончыўся рамонт і не закупленае абсталяванне. Важна адзначыць, што новую больніцу планавалі зрабіць пяціпавярховай. Як вынік, пабудавалі два паверхі, на якіх змесцяцца толькі рэанімацыя і адміністрацыя.

«Увод новага корпуса не вырашае праблему аховы здароўя або лячэння хворых у Цэнтральнай раённай больніцы Крычава. Таму што гэты асноўны корпус знаходзіцца ў аварыйным стане. Яны яго абяцаюць пачаць рамантаваць. Як яго рамантаваць? Куды хворых перакідваць?», – абураецца Мікалай Гердзій.

Куды падзеліся $ 7 млн. на дзіцячы садок?

Каб даведацца адказ на гэтае пытанне, мы звярнуліся да кіраўніцтва шпіталю, але галоўны доктар Аляксандр Плятнёў ад каментара адмовіўся. Не ўдалося датэлефанавацца і да мэра гораду Васіля Сысоева. Важна адзначыць, што яшчэ два гады таму ў Крычаўскай гімназіі абрынуўся дах. Тады, на шчасце, ніхто не пацярпеў.

Невыкананне абяцанняў мясцовымі ўладамі ўжо стала традыцыяй. Яшчэ сёлета ў ліпені ў горадзе ў новым мікрараёне на вуліцы Кастрычніцкай мела пачацца пабудова новага дзіцячага садка на 150 месцаў з басейнам. На жаль, усё засталося толькі словамі, а выдзеленыя на дзіцячы сад $ 7 млн. былі перакінутыя на рэалізацыю ўсё таго ж шпіталю. Мясцовыя ж жыхары думаюць, як уладкаваць дзяцей у садок, калі ў існых ужо няма месцаў.

Мяркуючы з усяго, сітуацыя ў горадзе складаная. Акрамя высокага беспрацоўя і масавага прыпынення працы крычаўскіх прадпрыемстваў, не хапае элементарных рэчаў. Крычаў займае апошняе месца ў Магілёўскай вобласці па ўзроўні жыцця.

Кацярына Ерусалімская, «Белсат», фота – Andy Dean Photography / Bigstock

Стужка навінаў