Мода на нацыянальныя сімвалы цяпер і ў татуіроўцы. Усё больш беларусаў хочуць упрыгожыць сваё цела роднымі вобразамі.
Палачанін Віталь зрабіў татуіроўку з Пагоняй пяць гадоў таму, а пасля да яе дадаліся і элементы нацыянальнага арнаменту.
ВІТАЛЬ, ЖЫХАР ПОЛАЦКУ:
«Яе абараняюць два зубры, Пагоня – гэта сімвал нашай беларускай культуры, нашай мовы, нашай нацыі. Нас мала, як зуброў, але мы абаронім сваю Беларусь».
Усіх аматараў тату-культуры штогод збірае ў Менску Беларускі тату-фэст, і калі раней сюды прыязджалі толькі айчынныя майстры, то сёлета ўдзел узялі і госці з краінаў-суседак. На думку арганізатара фэсту Алеся Таболіча, самыя беларусы пакуль не ўспрымаюць татуіроўку як асобны від мастацтва.
АЛЕСЬ ТАБОЛІЧ, АРГАНІЗАТАР ФЕСТЫВАЛЮ «BELARUS TATTOO FEST»:
«На дзяржаўным узроўні яна не ўспрымаецца як прафесія, але з гадамі да яе пачынаюць ставіцца як да жывапісу, як да графікі, яна паціху-патроху каранямі ўплывае на беларускую ментальнасць».
Беларусь тату-фэст – гэта не толькі магчымасць зрабіць выяву на целе, але і вялікі конкурс для майстроў, у праграме якога асобным пунктам – «Традыцыйная беларуская татуіроўка».
ЮЛІЯ КУЛЬБА, ТАТУ-МАЙСТАР, СЯБРА ЖУРЫ:
«Чаму ў Беларусі не было б нацыянальнага татуявання, навошта нам Японія, калі ёсць свае сімвалы, якія цудоўна глядзяцца на целе».
Беларускі тату-фэст, які сёлета займеў прыстаўку «міжнародны», праходзіць чацвёрты раз, і арганізатары спадзяюцца, што дзякуючы гэтай імпрэзе беларуская татуіроўка выйдзе на новы, больш прафесійны ўзровень.
НХ, belsat.eu