Бундэстаг Нямеччыны ўхваліў аднаполыя шлюбы


Законапраект аб аднаполых шлюбах зараз мае ўхваліць верхняя палата нямецкага парламенту.

У выпадку ўхвалы законапраекта Бундэсратам прадстаўнікі сэкс-меншасцяў атрымаюць магчымасць заключаць шлюбы. Яны будуць мець тыя ж правы, што і людзі, пазначаныя ў традыцыйных шлюбах.

Парламент Нямеччыны большасцю галасоў (за – 393, супраць – 226, чацвёра дэпутатаў устрымаліся) ухваліў законапраект, які прадугледжвае поўнае і раўнапраўнае прызнанне аднаполых шлюбаў.

Супраць прызнання аднаполых шлюбаў традыцыйна выступаў блок партыяў Хрысціянска-дэмакратычны саюз і Хрысціянска-сацыяльны саюз (ХДС / ХСС), прадстаўнікі якога складаюць большасць у кіроўнай кааліцыі. Аднак 26 чэрвеня старшыня ХДС, федэральны канцлер Ангела Мэркель абвясціла, што выступае за тое, каб пры галасаванні аб дазволе аднаполых шлюбаў дэпутаты прымалі рашэнне самастойна «паводле закліку сумлення», а не кіраваліся партыйнай пазіцыяй.

Deutche Welle піша, што сама Мэркель прагаласавала супраць.

Аднаполыя саюзы рэгіструюць у Германіі з 2001 года. Свае стасункі да 2017 года афіцыйна аформілі 34 тысячы гомасексуальных пар. Аднак да цяперашняга часу гомасексуальныя пары маглі зарэгістраваць свае адносіны толькі ў форме аднаполага партнёрства. Такія саюзы валодалі меншымі правамі, чым гетэрасексуальныя шлюбы. У прыватнасці, яны не карысталіся ільготамі пры падаткаабкладанні, прадугледжанымі ў Германіі для асобаў, якія знаходзяцца ў шлюбе, а таксама не маглі ўсынаўляць дзяцей.

Магчымасць заключаць шлюбы прадстаўнікі сексуальных меншасцяў змогуць пасля ўхвалення законапраекту Бундэсратам.

ДД

Стужка навінаў