Бундэстаг будзе працаваць з парламентам Беларусі, забарона на афіцыйныя кантакты знятая


kachmarek-myasnikovich

Олівэр Качмарэк і Міхаіл Мясніковіч

Бундэстаг будзе на афіцыйным узроўні працаваць з абодвума палатамі беларускага парламенту. Нефармальнага табу на кантакты з Палатай прадстаўнікоў больш няма. Пра гэта распавялі ў інтэрвʼю Tut.by дэпутаты нямецкага парламенту Олівэр Качмарэк і Утэ Фінк-Крэмэр, якія наведалі Менск з трохдзённым візітам.

Дэлегацыя бундэстагу ўпершыню на афіцыйным узроўні сустрэлася з калегамі не толькі з Савету Рэспублікі (верхняя палата), уключаючы Міхаіла Мясніковіча, але і з дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў – ад яе на сустрэчы быў Віталь Бусько. Традыцыйна еўрапейскія дэпутаты пазбягалі такіх афіцыйных кантактаў, не прызнаючы Палату прадстаўнікоў легітымным парламентам.

«Гэта вынік палітычных крокаў, зробленых за апошні год. Я гавару пра вызваленне палітзняволеных, мірныя выбары і канструктыўную ролю Менску ва ўрэгуляванні сітуацыі ва Украіне», – адзначыў Олівэр Качмарэк.

З папярэдняга дакладу АБСЕ аб прэзідэнцкіх выбарах дэпутаты бундэстагу зрабілі выснову, што яны прайшлі не ідэальна, але з невялікімі прагрэсам.

«Далейшая супраца будзе залежаць ад таго, як будуць выконвацца рэкамендацыі АБСЕ», – сказала Утэ Фінк-Крэмэр.

Адказваючы на пытанне пра тое, ці азначае фармат гэтага візіту прызнанне беларускага парламенту бундэстагам, дэпутат падкрэсліла:

«Няма такога фармальнага акту – прызнанне парламенту. Але пасля вывучэння выніковай справаздачы АБСЕ пра выбары, мы, хутчэй за ўсё, упершыню за шмат гадоў накіруем запрашэнне вашым дэпутатам прыехаць у Берлін. Гэта знак таго, што беларускі парламент хаця б у нейкай ступені абраны належным чынам».

Грамадзянская супольнасць крытыкуе

У першыя дні працы новага беларускага парламенту ў ім сфармуюць групу сяброўства з бундэстагам, паведаміў на сустрэчы Міхаіл Мясніковіч.

На думку Утэ Фінк-Крэмэр, няма прычынаў таго, каб беларускія дэпутаты не былі прадстаўленыя ў парламенцкім вымярэнні Усходняга партнёрства («Еўранэсце») у адрозненне ад сваіх калегаў з іншых усходнееўрапейскіх краінаў.

Чытайце таксама >>> Выбары-2016: парушэнні былі, але казаць пра іх забаронена

Олівэр Качмарэк прызнае, што рух наперад у адносінах з Беларуссю выклікае крытыку часткі грамадзянскай супольнасці:

«Наш дыялог не азначае, што мы адмовіліся ад крытыкі. Беларусь робіць маленькія крокі, мы робім маленькія крокі. І каб працягваць, мы, натуральна, чакаем сустрэчных крокаў з беларускага боку, устойлівага руху наперад. Адкрылася акно для дыялогу, і мы хочам яго выкарыстоўваць».

Парламенцкія выбары ў Беларусі прайшлі 11 верасня. Паводле іх вынікаў, упершыню за 12 гадоў у Палату прадстаўнікоў прайшлі дзве апазіцыянеркі – Алена Анісім і Ганна Канапацкая. Назіральнікі АБСЕ завілі, што выбары па-ранейшаму не адпавядалі дэмакратычным стандартам, але па асобных накірунках быў невялікі прагрэс.

НМ, belsat.eu, паводле Tut.by, фотаздымак прэс-службы Савета Рэспублікі

Стужка навінаў