«Бульдозерная рэканструкцыя»: цяпер і ў Менску


Гістарычныя будынкі зносяць, і на іх месцы будуюцца новыя, якія нават звонку не нагадваюць сваіх папярэднікаў. І ўсё гэта з дазволу ўладаў.

Гэтак са зносу пачалася рэканструкцыя гістарычнага кварталу Асмолаўка ў Менску. Нягледзячы на пратэсты мясцовых жыхароў, цалкам знішчылі дом № 24 на вуліцы Камуністычнай. Згодна з пашпартам аб’екту будынак мелі рэканструяваць пад культурніцкі цэнтр са студыяй гуказапісу. Толькі замест двухпавярховіка на гэтым месцы з’явіцца ўжо трохпавярховы дом зусім у іншай стылістыцы.

«Пакуль што Асмолаўка не ўнесеная ў спіс помнікаў, гісторыка-культурных каштоўнасцяў. Таму ўлады робяць з імі ўсё, што заўгодна. Але на ўзроўні грамадства даўным-даўно ўсвядомлена, што гэта цэльны комплекс, які варта захаваць. Таму для грамадства гэта, можа не шок, але сапраўды страта», – гаворыць абаронца помнікаў Раман Абрамчук.

Спраўджаны прыём гарадскіх уладаў, які дазваляе вызваліць месца ў гістарычным цэнтры пад інвестыцыйныя праекты, – гэта нічога не рабіць для захавання і чакаць, калі гістарычны будынак сам разваліцца. Потым чыноўнікі выдаюць пастанову пра немэтазгоднасць яго аднаўлення, і дом цалкам зносяць. Гэтак на вуліцы Рэвалюцыйнай цяпер напоўніцу ідзе будаўніцтва гасцініцы на месцы колішняга дому № 24а.

І хоць новы будынак узводзяць з нуля, на пашпарце аб’екту пазначана, што гэта «рэканструкцыя помніку архітэктуры XIX-XX стагоддзяў». Тут замест маленькага дамка вырасце двухпавярховы навабуд з 4-ма мансардавымі ўзроўнямі, якія, аднак, за паверхі не лічацца.

«Атрымаць дазвол на праектаванне ў гістарычнай частцы дужа складана, таму архітэктары пішуць хутчэй за ўсё, што гэта рэканструкцыя, атрымліваюць дазвол, а што ўжо застанецца ад гэтага дома – невядома», – тлумачыць «Белсату» архітэктарка Ніка Пятрухіна.

Рэканструкцыі чакае яшчэ адзін помнік – фабрыка-кухня, што за Чырвоным касцёлам. Праект улучае ў сябе яшчэ і забудову прылеглай тэрыторыі. Вакол будынку з’явіцца сучасны вялікі культурніцка-забаўляльны цэнтр, які архітэктурна пахавае помнік, бо папросту прыцісне будынак сваёй велічынёю. Старыя пабудовы, якія цяпер месцяцца на тэрыторыі, будуць зруйнаваныя.

У выніку горад страчвае сваё гістарычнае аблічча і ператвараецца ў навабуд. І гэтым разам Менск руйнуецца не вайною, а мірнаю планіроўкаю, якую чыноўнікі праводзяць без уліку вартасці гістарычна каштоўных аб’ектаў.

Вольга Чайчыц, «Белсат»

Стужка навінаў