Булат Хусаінаў: Сусветная гандлёвая арганізацыя – гэта дарога з аднабаковым рухам


Цвярозы погляд на далучэнне Казахстану да СГА.

27 ліпеня ў Жэневе прэзідэнт Казахстана Нурсултан Назарбаеў і генеральны дырэктар Сусветнай гандлёвай арганізацыі (СГА) Рабэрту Азэвэду падпісалі пратакол аб далучэнні рэспублікі да СГА. Чакаецца, што з усімі тэхнічнымі фармальнасцямі разбяруцца да канца 2015 г.

Гістарычны дакумент і амбіцыйны план Назарбаева

«Гэта сапраўды гістарычны дзень і для Казахстану, і для СГА. Перавагі далучэння – стварэнне новых працоўных месцаў, павышэнне даходаў насельніцтва, паляпшэнне ўзроўню жыцця. Для Казахстану – гэта прызнанне тых намаганняў і дасягненняў, да якіх вы імкнуліся апошнія гады. Гэта лагічны вынік комплекснай праграмы рэформаў, пасланне ўсяму свету, што Казахстан адкрыты для бізнесу», – заявіў гендырэктар СГА пасля падпісання пратаколу.

Кіраўнік Казахстану падчас афіцыйнай цырымоніі адзначыў, што цяпер Казахстан будзе імкнуцца да дыверсіфікацыі эканомікі і адыходу ад сыравіннай залежнасці. Паводле Нурсултана Назарбаева, да 2030 г. Казахстан мае ўвайсці ў трыццатку найбольш развітых краінаў свету.

[vc_single_image image=”1″ img_size=”large”]

«Нам няма чаго прапанаваць еўрапейцам»

«Ніводная краіна з тых, што ўвайшлі ў СГА не трапіла ў групу развітых краінаў. Паглядзіце на Саудаўскую Аравію, Кітай, Украіну, Арменію, Кыргызстан, Расею. …Пасля крызісу 2009 г. з’явілася велізарная колькасць двухбаковых і рэгіянальных пагадненняў. Напрыклад, Еўразійскі эканамічны саюз. Тут іншыя правілы гульні.

А СГА – гэта вуліца з аднабаковым рухам, – патлумачыў у размове з belsat.eu казахстанскі эканаміст Булат Хусаінаў. – Ну вось уявіце, што вы становіцеся чальцом СГА і вам кажуць: усе еўрапейскія рынкі будуць для вас адкрытыя і вашыя тавары могуць бесперашкодна трапіць у Еўропу. Я вам так скажу, Казахстан прадае нафту і каляровыя металы. Больш нам няма чаго прапанаваць еўрапейцам. Зірніце на той жа Кыргызстан [уступіў у СГА ў 1998 г. – belsat.eu]. І чым яны гандлююць са светам? Ды ні чым! Ім няма чаго прадаць», – адзначыў эканаміст.

Сярод плюсаў уступлення ў СГА прэс-служба казахстанскага Міністэрства ў справах эканамічнай інтэграцыі называе падзенне коштаў на некаторыя тавары. Сярод іншага, знізяцца кошты на новыя машыны ў звязку са зніжэннем імпартных мытаў. Аднак далучэнне да СГА можа нанесці моцны ўдар па некаторых галінах эканомікі.

«Як толькі Украіна стала чальцом СГА і ратыфікавала гэтае пагадненне – палякі наклалі на цукар велізарныя мыты, а Украіна, між іншым была цукровай жытніцай яшчэ з часоў царскай Расеі. Украінскі рынак завалілі трысняговым цукрам. Казахстан таксама чакае наплыў тавараў, праўда, у нас і так эканоміка адкрытая і без членства ў СГА. Трэба дачакацца, калі будзе абнародаваны пратакол, каб рабіць нейкія высновы пра канкрэтныя групы тавараў. Пакуль на сто адсоткаў невядома, што патаннее і адкуль чакаць пагроз», – зазначыў Булат Хусаінаў.

«Хочацца, ды не даскочыцца»

Досвед шэрагу постсавецкіх краінаў паказвае, што ўступленне ў СГА не прывяло да апакаліпсісу эканомік, але даволі жорсткія ўмовы далучэння да гэтай арганізацыі стрымліваюць Беларусь у перамовах ва ўступленні ў СГА.

«Мы вядзем перамовы аб уступленні ў СГА з 1995 г. і ўсё неяк беспаспяхова. Насамрэч, Беларусь не надта імкнецца туды, бо трэба паніжаць імпартныя тарыфы, а мы з імпартам змагаемся. Сусветная эканоміка перайшла на іншы этап кааперацыі. Адбылася інтэрнацыяналізацыя вытворчасці. Калі б мы адкрылі свае межы, то Беларусь магла б далучыцца да гэтага працэсу. Краіны з адкрытай эканомікай лепш развіваюцца», – лічыць беларускі эканаміст Леанід Злотнікаў.

Нягледзячы на тое, што фармальна Беларусь не падпісвала ніякіх пратаколаў з СГА, дэ-факта мы ўжо прынялі на сябе абавязкі гэтай арганізацыі.

Навуковы дырэктар даследчага цэнтру ІПМ Ірына Тачыцкая лічыць, што «Беларусь будзе вымушаная ўступаць у СГА неазалежна ад таго, прынясе нам гэта карысць ці не». «Мы – чальцы Мытнага саюзу і Адзінай эканамічнай прасторы, і там прынялі рашэнне, ратыфікаванае парламентамі нашых краінаў, што міжнародныя дамовы маюць прыярытэт над нацыянальнымі актамі, і Расея будзе выконваць свае абавязкі перад СГА», – падзялілася сваім меркаванне Ірына Тачыцкая ў 2013 г.

У любым выпадку, цяпер Беларусь вымушаная падпарадкоўвацца следам за Расеяй правілам СГА, а вось чальцы СГА такіх абавяўкаў перад Беларуссю не маюць.

СГА стварылі 1 студзеня 1995 г. з мэтай лібералізацыі міжнароднага гандлю і рэгулявання гандлёва-палітычных адносінаў дзяржаваў-чальцоў.

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў