Буйное крушэнне цягніка ў Індыі. Ёсць загінулыя і дзясяткі параненыя (ВІДЭА)


Катастрофа здарылася ў штаце Утар-Прадэш 28 снежня раніцай у 70 км ад гораду Канпур, калі цягнік праязджаў па мосце цераз высахлы канал.

З рэек сышлі 15 вагонаў, два вагоны зваліліся з моста, загінулі дзве асобы, не менш 43 атрымалі раненні. На месцы здарэння працуюць ратавальныя службы. Параненых даставілі ў бліжэйшыя шпіталі.

Чыгуначная сістэма Індыі адна з найбуйнейшых у свеце. Штодзень 11 тысяч цягнікоў, у тым ліку 7 тысяч пасажырскіх, перавозяць больш за 20 мільёнаў чалавек.

Аднак індыйская чыгунка небяспечная, праз што мае дрэнную рэпутацыю. Кожны год тысячы людзей паміраюць у няшчасных выпадках. За апошнія некалькі тыдняў гэта аварыя па меншай меры трэцяя па ліку.

20 лістапада ў гэтым жа раёне 14 вагонаў хуткага цягніка сышлі з рэек. Тады 146 чалавек загінулі. Склад быў перагружаны, што зʼяўляецца нормай для Індыі. У цягніку, які разлічаны на тысячу чалавек, знаходзіліся ад 1,7 тысячы да 2 тысяч пасажыраў. Шмат хто ехаў без квіткоў.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў