Бухгалтара незалежнага прафсаюзу Ігара Комліка вызвалілі з СІЗА


Старшыня Менскай гарадской арганізацыі незалежнага прафсаюзу РЭП увечары 2 кастрычніка быў вызвалены з менскага СІЗА № 1 у звязку са зменаю меры стрымання на падпіску аб нявыездзе.

Вядомы беларускі праваабаронца Алесь Бяляцкі апублікаваў у сваім «Facebookʼу» фотаздымак з Комлікам.

«Палiтычны зняволены Ігар Комлік выпушчаны пад падпіску аб нявыездзе», – падпісаў фотаздымак Бяляцкі.

Пра вызваленне Ігар Комлік распавёў belsat.eu.

«Мяне змясцілі ў турму, таму што я адмовіўся даваць паказанні па справе. У мяне ёсць грунтоўныя падставы, каб не мець нічога агульнага з праваахоўнай сістэмай. Справа не зачыненая, мяне выпусцілі пад падпіску, ужо выдалі позву на 5-е падыйсці да следчага. Выпусцілі, думаю, таму што грамадства ўстала на абарону інтарэсаў РЭП і маіх. Лічу справу палітычнай», – сказаў «Белсату» Ігар Комлік.

Нагадаем, што 15 верасня суд Партызанскага раёну разгледзеў скаргу Ігара Комліка адносна ягонай меры стрымання – утрыманне пад вартай (з 2 жніўня).

Ігара Комліка вінавацяць ва ўхіленні ад аплаты падаткаў у асабліва буйным памеры (ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэксу РБ). Паводле следства, прадстаўнік прафсаюзу меў рахункі ў замежных банках, перыядычна выязджаў за мяжу, каб зняць з іх грошы і прывезці ў Беларусь.

Па гэтай жа справе праходзіць і лідар Незалежнага прафсаюзу Радыёэлектроннай прамысловасці Генадзь Фядыніч.

3 жніўня праваабарончыя арганізацыі Беларусі выступілі з сумеснай заявай аб прызнанні Ігара Комліка палітычным зняволеным і запатрабавалі спынення пераследу яе фігурантаў ды неадкладнага вызвалення Ігара Комліка.

5 кастрычніка Ігар Комлік мае сустрэцца са следчым, які займаецца ягонаю српаваю. Ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэксу РБ прадугледжвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін да 7 гадоў з канфіскацыяй маёмасці.

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў