Будзе новы пакет санкцыяў супраць Расеі


Еўрапейская Камісія да канца гэтага тыдня мусіць падаць на разгляд урадаў краінаў Еўразвязу чарнавы варыянт новага пакету санкцыяў супраць Расеі. Выкліканыя гэтыя захады, як сцвярджаюць сёння ва ўрадзе Аб’яднанай Еўропы, далейшым пагаршэннем сітуацыі ва ўсходняй Украіне.

На рашэнне ўзмацніць санкцыі, паводле назіральнікаў, паўплывалі паведамленні пра з’яўленне калонаў ваеннай тэхнікі з салдатамі ў расейскай ваеннай форме ў раёне Новаазоўску.

Паводле папярэдняй інфармацыі плануецца зачыніць доступ да замежных пазыкаў усім расейскім дзяржкампаніям, а не толькі банкам. Сярод іншых прапановаў – забарона на продаж высокіх тэхналогіяў у энергетычнай галіне, а таксама на экспарт тавараў падвойнага прызначэння, – цяпер купляць такія тавары не могуць толькі абаронныя прадпрыемствы. Некаторыя еўрапейскія краіны прапаноўваюць абмежаваць удзел Расеі ў супольных з Еўропаю культурных, эканамічных і спартовых мерапрыемствах.

«Абмежавальныя захады Еўрапейскага Звязу, ці санкцыі – не нейкая палітыка проста дзеля палітыкі. Санкцыі – гэта знак, гэта “мэсідж”, які робіцца дзеля таго, каб паказаць, каб падкрэсліць усю сурёзнасць сітуацыі. Калі Расея незаконна анексавала Крым, яна “выцерла ногі” аб міжнароднае заканадаўства. Калі Расея дэстабілізуе Украіну, яна зноў парушае міжнародныя правілы і нормы. На гэта мы маем адзіны законны інструмент адказу – санкцыі», – заявіў Пэтэр Стана, прэс-сакратар еўракамісара Штэфана Фюле.

Ці будуць новыя абмежавальныя захады Еўразвязу супраць Расеі мець плён і да чаго можа прывесці гэтае “задушэнне санкцыямі”, пра што крыху здзекліва сёння піша ўкраінскае выданне “Еўрапейская праўда”, – на гэтыя пытанні ў Бруселі пакуль што няма адказаў.

Няма адказаў на гэтыя пытанні не толькі тут, у Бруселі, але і ў Празе, Браціславе ды Будапешце. Урады Чэхіі, Славаччыны і Вугоршчыны новыя санкцыі супраць Расеі не падтрымліваюць. Бо лічаць, што іх ахвяраю можа стаць сама еўрапейская эканоміка. Асабліва, калі Расея працягне гэты «санкцыйны пінг-понг».

Алесь Сіліч, “Белсат”, Брусель

Стужка навінаў