Будзьце асцярожныя: з Еўропы можна прывезці адзёр


У лютым у Менску зарэгістраваны выпадак адзёру ў пацыента, які вярнуўся з паездкі ў Італію.

Як паведамляе санітарна-эпідэміялагічная служба сталіцы, пацыент не быў прышчэплены супраць інфекцыі. Каля 20 чалавек, якія кантактавалі з хворым, атрымалі прышчэпкі супраць адзёру па эпідэмічных паказаннях.

У 2014 годзе ў Менску было зафіксавана тры завозныя выпадкі адзёру: з Расеі, Грузіі і Ізраілю.

Паводле інфармацыі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, у Еўропе складаецца неспрыяльная сітуацыя з захворваннем на адзёр. У Італіі, Германіі, Босніі і Герцагавіне ды іншых краінах працягваюць узнікаць ўспышкі хваробы, «што звязана з наяўнасцю асоб, якія не прышчэпленыя або не цалкам прышчэпленыя супраць адзёру», растлумачылі ў санэпідслужбе. Адна з прычын – павелічэнне ліку бацькоў, якія адмаўляюцца вакцынаваць сваіх дзяцей, дадалі ў ведамстве.

Медыкі рэкамендуюць грамадзянам перад паездкаю за мяжу ўдакладніць у паліклініцы па месцы жыхарства, ці прышчэплены яны супраць адзёру. Калі дадзеных пра імунізацыю няма, прышчэпку трэба зрабіць за месяц да паездкі. Для правядзення прышчэпак можна звяртацца ў гарадскі цэнтр вакцынапрафілактыкі (тэл. 258-76-12).

Калі пасля вяртання з паездкі за мяжу з’яўляюцца сімптомы інфекцыйнага захворвання (павышэнне тэмпературы цела, сып, боль у горле, кашаль, кан’юктывіт), трэба адразу звярнуцца да ўрача-інфекцыяніста.

У Беларусі прышчэпка на адзёр для дзяцей – абавязковая.

Паводле БелаПАН

Стужка навінаў