Будынак, у якім жыў герой Чылі Ігнат Дамейка, у крытычным стане


Cядзіба ў Жыбартоўшчыне

Як цяпер выглядае сядзіба Дамейкаў у Жыбартоўшчыне.

Не даязджаючы паўтара кіламетры да Дзятлава па віленскай шашы, праваруч можна ўбачыць самотны ўказальнік на Жыбартоўшчыну, поруч з мостам праз рачулку Дзятлаўку. Цікава, што на мапах Жыбартоўшчыны няма, у лепшым выпадку пазначаны «сядзібна-паркавы комплекс» без назвы, а то і наагул пустка. Побач ёсць вёска Жыбарты, але гэта не тое.

Калі па грунтовай дарозе пад’язджаеш бліжэй, стае зразумелай такая тапаграфічная «канспірацыя»: жыццё адсюль сышло і невядома, калі вернецца.

Дзядзька выразаў сваё імя на валуне ў падмурку

Сядзіба Жыбартоўшчына, якая ў літаратуры часам фігуруе як «Жыбуртоўшчына», вядомая з другой паловы XVIII ст. У 1812 годзе яе ўласнікам стаў маршалак шляхты Гарадзенскага павету Ігнат Дамейка, дзядзька таго самага Ігната – героя Чылі. На валуне, умураваным у падмурак сядзібы, захаваўся надпіс «1819 R Ignacy DOMEYKO».

Малодшы цёзка трапіў на выхаванне да дзядзькі ў маладыя гады, калі застаўся без бацькі. Менавіта тут жыў будучы падарожнік, блукаючы па пейзажным парку, які расцягнуўся ўздоўж пракапаных сажалак, чытаючы кнігі з дзядзькавай бібліятэкі ў драўляных альтанках.

Як вядома, пазнейшы лёс малодшага Дамейка складаўся бурліва: таварыства філаматаў і царскія рэпрэсіі, удзел у Паўстанні 1831 году, падчас якога Ігнат, прыняты за шпіёна, ледзьве не быў расстраляны сваймі ж, эміграцыя і, урэшце, запрашэнне ў Чылі на пасаду прафесара хіміі і металургіі.

У Чылі Дамейка зрабіў фантастычную кар’еру: стаў рэктарам універсітэту ў Сант’яга, аўтарам безлічы навуковых працаў, у рэшце рэшт – нацыянальным героем.

Апошнія гады жыцця Дамейка пісаў тут мемуары

На радзіму, у Жыбартоўшчыну, Дамейка вярнуўся, калі меў ужо за 80. Справа ў тым, што менавіта ў гэтым маёнтку пасялілася ягоная дачка Аніта, якая выйшла замуж за пляменніка бацькі Леона, які акурат вярнуўся са ссылкі пасля Паўстання 1863 году. Сярод пастаральных краявідаў і зацішнага вясковага жыцця Ігнат займаўся творчасцю.

Валун, умураваны ў падмурак сядзібы

У Жыбартоўшчыне Дамейка напісаў першую частку сваіх мемуараў, працягваў працу над кнігай «Мае падарожжы». Асабліва каштоўнымі з’яўляюцца ягоныя ўспаміны пра геніяў свайго часу: Адама Міцкевіча, Яна Чачота, Эмілію Плятэр, палаючыя старонкі Паўстання 1831 году і інш.

Праз пару год, вярнуўшыся ў Чылі, Дамейка памёр.

Чытайце таксама >>>> Драма Дому Мураўёва ў Горадні

Сімвалічна, што апошнім уласнікам сядзібы быў таксама Ігнат Дамейка, які нібы замкнуў сімвалічнае кола, пачатае цёзкам у 1819-м. Разам з жонкай Марыяй яны паспелі эміграваць на захад у 1939-м, перад надыходзячай «чырвонай навальніцай». За савецкім часам у сядзібе месціўся спачатку дзіцячы прытулак, пазней – лякарня для хворых на сухоты.

Столя правалілася, ды адразу ў скляпенні

Лякарня і была апошняй установай, якую прытулілі сядзібныя муры. Але медыкаў тут няма ўжо апошнія 15 год, вартаўнік знік год 10 таму. Мясцовае начальства нейкі час спрабавала прадаць сядзібу, разам з прылягаючай тэрыторыяй. Па адной інфармацыі пакупнік усё ж такі знайшоўся – дзятлаўскі бізнесовец, па іншай – комплекс дагэтуль нічыйны.

Мясцовыя жыхары

За часы безгаспадарання ў сядзібным доме правалілася столя, прычым адразу ў скляпенні: нібы неба пад зямлю. Мураваная каробка яшчэ цэлая, гаспадары ж будавалі на стагоддзі, а вось унутраныя перакрыцці знішчаныя амаль дашчэнту.

Пра колішнія інтэр’еры нагадваюць хіба пафарбаваныя ў сіні колер магутныя разныя дзверы з металёвымі заклёпкамі.

«А вы што, набыць хочаце?» – перапытвае мясцовы дзядзька, які грамадзіць віламі пустазелле. Кажа, што ўласніка няма і ўсё хутка паваліцца – яшчэ пару гадоў хай пройдзе. «Тут жэ… герой Чылі і Польшчы жыў!» – дадае выпадковы знаёмец і просіць цыгарэтку.

У спісе спадчыны не праходзіць

Сапраўды, на сцяне сядзібнага будынку – мемарыяльная шыльда па-беларуску пра Дамейку, нібы для яшчэ большай ганьбы. А вось іншай шыльдачкі, якая б сведчыла, што дом з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю, нідзе няма.

Няма Жыбартоўшчыны і ў рэспубліканскім спісе спадчыны. То бок, калі ўласнік для сядзібы нават і з’явіцца – зрабіць з будынкам і паркам ён зможа ўсё, што схоча: склад, кабак, пляцоўку для страйкболу

У адрозненні ад Венесуэлы, беларуская супраца з Чылі хутчэй сімвалічная. Беларуская амбасада ёсць у Аргентыне, чылійская – у Расеі, і хопіць. У Менску паўстала хіба пачэснае консульства, якое займаецца «пераадоленнем візавых бар’ераў», ды і тое – для афіцыйных дэлегацыяў. Кіраўнік, вядома, не чыліец, а мясцовы.

Сваім Дамейку лічаць і палякі, але грошаў з польскіх фондаў не хопіць на ўсю спадчыну Заходняй Беларусі. Магчыма, з часам згадаюць пра свайго Дамейку і беларусы: галоўнае, каб сядзіба дастаяла.

АК, belsat.eu

Стужка навінаў