Будслаў: як паўстае сапраўднае нацыянальнае свята


Карэспандэнты belsat.eu пабывалі ў Будславе разам з твысячамі пілігрымаў. Фантастычная атмасфера найбуйнешага хрысціянскага фэста ў Беларусі – у нашым рэпартажы.

«Ідзі ў касцёл і памаліся, каб заплечнік з тэлефонам знайшоўся!»

1 ліпеня аўтобусы ў аграгарадок у Менскай вобласці пад’язджаюць адзін за адным. На вялізным полі, адведзеным пад паркінг, транспарт з нумарнымі знакамі з усіх рэгіёнаў краіны.

Спадарыня, з якой я еду з Менску, тэлефануе дачцэ:

– Што згубіла?.. Ідзі ў касцёл і памаліся, каб заплечнік з тэлефонам знайшоўся!

Абраз Маці Божай Будслаўскай вядомы сваймі цудамі з XVII стагоддзя: вяртаў зрок, ацаляў ад хваробаў. Ікона трапіла да нас з Рыму: Папа Клімент VIII падарыў яе менскаму ваяводзе Яну Пацу. У 1998 годзе адбылася каранацыя абраза. У касцёле гэты рытуал сімвалізуе выражэнне глыбокай пашаны. Асаблівы статус мае і бажніца ў Будславе: нацыянальны санктуарый і адна з трох малых базылік у Беларусі. У 1990 годзе, як толькі знікла забарона на рэлігію, сюды аднаўляюцца пілігрымкі вернікаў.

Сёлета свята супала яшчэ і з 25-годдзем адраджэння каталіцкіх структураў пасля савецкага пераследу.



У Будславе фінішавала больш за два дзясяткі паломніцтваў з Баранавічаў, Берасці, Горадні, Браславу, Гудагая, Маладзечна, Віцебску ды іншых гарадоў ды мястэчак. Таксама штораз сюды арганізуецца роварная пілігрымка з Менску і сямейная з маршрутам у версіі «лайт» даўжынёю 15 кіламетраў.

Спадарыня Крысціна ішла так званай пакутнай пілігрымкай: 4 дні без ежы, выключна на вадзе. 47 такіх вернікаў вырушыла ад Чырвонага касцёла разам з пробашчам Уладзіславам Завальнюком.

«Ён часта сам практыкуе такі пост і нас прывучыў, – расказвае спн. Крысціна. – Таму, хто ідзе ўпершыню, дазваляецца браць сухарыкі. Для мяне гэта ачышчэнне: і фізічнае, і духоўнае. Праўда, што ў дарозе можна размаўляць з Богам, бо Ён гаворыць у цішыні. З часам хочацца больш глыбокай малітвы».

«Танцамі мы паказваем, што вера не можа быць сумнай»

Атмасфера ў намётавым мястэчку нагадвае Басовішча: толькі без алкаголю і з большым драйвам. Моладзь, нягледзячы на кіламетры дарогі пешшу, скача і спявае. Часам кампанію ім складаюць законныя браты і сёстры.

Дзве дзяўчыны падключылі смартфон да калонак, узялі мікрафон ды арганізавалі танцы. Яны далучыліся да маладзечанскай пілігрымкі з Докшыцаў. Гэта іхны пяты шлях да Будслава, а ў касцёл дзяўчаты ходзяць з дзяцінства. Яны даўно займаюцца танцамі – аднойчы іх духоўнік папрасіў злдзіць праграму для моладзі. Так яны і заангажаваліся ў «забаўляльную» частку Будслаўскага фэсту.

«Падаецца, што пілігрымка – гэта весела. Гэта насамрэч так, але ты ідзеш не дзеля танцаў, а для таго, каб умацаваць сваю веру, знайсці адказы на важныя пытанні. Гэтымі танцамі мы паказваем, што вера не можа быць сумнай. Некаторыя думаюць, што мы толькі молімся. Можна прайсці кіламетры ды нацерці мазалі і тым не менш дзяліцца радасцю з усімі», – гаворыць адна з дзяўчынаў.



Хоць сярод святароў і вернікаў пашырана меркаванне, маўляў моладзь дазваляе сабе занадта шмат свавольстваў каля алтара (ягоную ролю выконвае сцэна каля касцёла), маладым пілігрымам тут нададзена шмат увагі. Іх асаблівым чынам прывітаў і галава каталіцкай царквы ў Беларусі Тадэвуш Кандрусевіч.

Арцыбіскуп Менска-Малілёўскі выбачыўся, што не змог разам ехаць у паломніцтве на ровары і сустракаць кожную групу ў Будславе, як рабіў гэта раней. Сёлета іерарх быў заняты прыёмам аўстрыйскага кардынала Крыстафа Шонбарна, які прыехаў на 25-годдзе заснавання мітраполіі па даручэнні Папы Рымскага.



«Гэй, давай, Гудагай! Маці Божу праслаўляй! Сваё сэрца адчыняй! З Ёю дойдзеш проста ў рай! Бо міласэрнасць Яго на векі», – гэта пілігрымы з Гудагая, што на Гарадзеншчыне, адказваюць на пераклічку вандроўнікаў. Такія «крычалкі» пакрысе сталі традыцыяй: кожная група імкнецца абазначыць сябе пэўнай атрыбутыкай і вершыкам. Група пілігрымаў з Баранавічаў нават запусціла ў неба балёнікі.



На ярка-аранжавых майках гудагайскай групы напісана: «GOODагай». Гэта ідэя былога ксяндза парафіі, а вітальныя словы зарыфмавала сястра Вераніка з Кангрэцыі сясцёр кармелітанак Дзіцятка Езуса.

«Гэтыя «крычалкі» нясуць радасць, што мы арганізаваныя і мы каманда, – тлумачыць сястра Вераніка. – У пілігрымцы можа ісці нават няверуючы: супольнасць дапамагае. Нехта камусьці ўсміхнецца, і ўжо ісці лягчэй. Нават калі ты трапіў проста з цікавасці ці, як бывае, хлопцу спадабаецца дзяўчына або наадварот. Усё гэта ў планах Езуса: выцягнуць, а пасля паказаць іншую дарогу. Ачысціць гэтае сэрца і думкі, даць настаўленні».

Сястра дадае, што ўсё ж іх пілігрымка – 151 км за 7 дзён – трымалася ў кармелітанскім духу: у малітве і з абавязковым часам на маўчанне.

Адчуць сябе часткаю вялікай супольнасці

Паводле міліцыі, у начной імшы прыняло ўдзел каля 15 000 асобаў. Журналісты любяць гэту частку Будслаўскага фэсту за відовішчнасць. Аднак калі знаходзішся ўсярэдзіне, разумееш больш глыбокую ўнікальнасць таго, што адбываецца.

У пэўны момант малітвы людзі перадаюць адзін адному знак супакою праз поціск рукі. Паварочваешся, каб паглядзець навокал: краю натоўпу, як берага акіяну, не відаць ні злева, ні справа. Адчуваеш сябе часткай сусветнай супольнасці. Калі вера і Бог для цябе не пустыя словы, ад кранальнасці гэтага ўсведамлення на вочы наварочваюцца слёзы.



Пераначаваць можна было ў аўтобусах, намётах, у парку ці проста ў спальніку ў касцёле. Мне класціся спаць было шкода: не хацелася прапусціць чагосьці важнага. Балазе, рух не заціхаў усю ноч.

Манахі за ахвяру частавалі італьянскай кавай, зробленай для «Мануфактуры Капуцынаў у Беларусі». Ноч была, хіба, адзінай магчымасцю набыць напой без асаблівай чаргі.

Базыліка была адчыненай: там увесь час ішлі спевы ці малітвы. На лавачках у парку перад касцёлам сядзелі кампаніі: нехта перашэптваўся, нехта нягучна смяяўся.

Выязныя гандлёвыя кропкі з бліжэйшых РАЙПО не зачыняліся: за гэтыя два дні яны робяць касу, як за 2-3 месяцы сваёй звычайнай работы.

У інтэрвю «Белсату»  Тадэвуш Кандрусевіч адзначыў, што Будслаў стаў месцам не толькі каталікоў. Імаверна, што гэта ледзь не адзіная магчымасць паглядзець, як выглядае сапраўднае нацыянальнае свята. 26 год запар людзі прыходзяць і прыязджаюць за сотні кіламетраў не па прымусе, але па волі душы, каб шукаць тое, што іх аб’ядноўвае.


Усе фота:

Pielgrzymka do Matki Boskiej Budsławskiej

Фота: Вячаслаў Радзіміч

ХМ, belsat.eu

Стужка навінаў