Будаваць новы вайсковы самалёт Еўропу прымушаюць два чалавекі


Да стварэння супольнага знішчальніка 5-га пакалення Еўропу падштурхоўвае Пуцін. І Трамп.

Краіны Еўразвяза могуць абʼяднацца дзеля стварэння найноўшай лятучай баявой машыны, якая можа кінуць выклік знішчальнікам пятага пакалення ЗША і Расеі, лічыць аналітык Міжнароднага інстытуту стратэгічных даследаванняў Дуглас Бэрры.

Міжнародны інстытут стратэгічных даследаванняў (International Institute for Strategic Studies) – аўтарытэтная аналітычная арганізацыя з аддзяленнямі ў Вашынгтоне, Лондане, Бахрэйне і Сінгапуры. Менавіта яна складае штогадовы зборнік «Вайсковы баланс» – пералік фармаванняў і ўзбраення ўсіх краін свету.

F-35 манеўруе ў паветры. Крыніца – U.S. Air Force.

Пятае пакаленне баявой авіяцыі – рэактыўныя баявыя машыны, якія могуць весці бой у любое надворʼе, маюць стэлс-характэрыстыкі, то бок мала заўважальныя для радараў, выкарыстоўваюць апошнія дасягненні ў авіёніцы і маюць інтэграваныя кампʼютарныя сістэмы кіравання для максімальна эфектыўнага ўзаемадзеяння з іншымі самалётамі, спадарожнікамі ў космасе, флотам, наземнымі войскамі і сіламі супрацьпаветранай абароны.

Праціўнік будзе іх бачыць, а яны яго – не

Адразу некалькі фактараў могуць прывесці кіраўнікоў еўрапейскіх краін да думкі пра вельмі дарагую, але ўласную крылатую баявую машыну.

Найперш, расейскі фактар – пуцінская Масква як мінімум з вясны 2014 году засведчыла пра сваю гатовасць забіраць тэрыторыі «расейскага свету» узброенай сілай і распальваць канфлікты на землях суседзяў. Вайна на тэрыторыі Украіны была б скончаная ўжо тры гады таму без маштабнага вайсковага, эканамічнага і тэхнічнага падтрымання, якую Масква дае антыўкраінскім сілам.

ПАК ФА ў паветры падчас авіяшоу. Крыніца – wikipedia.org.

Масква ўжо мае знішчальнік, які яна называе машынай пятага пакалення – ПАК ФА (Перспектыўны авіяцыйны комплекс франтавой авіяцыі). Такім чынам праз 5-10 гадоў еўрапейскія лётчыкі могуць аказацца ў сітуацыі, калі яны не будуць бачыць праціўніка, які будзе не толькі іх бачыць, але і беспакарана знішчаць.

Выпрабаванні знішчальніка пятага пакалення – TAI TFX – вядзе Турцыя.

Дызайн аднаго з канцэптаў TAI TFX. Крыніца – wikipedia.org

Гэта чалец НАТО, аднак змены ў яе ўнутранай палітыцы, у тым ліку паступовае распаўсюджванне ісламізму сярод яе палітычнай эліты, могуць у будучыні стварыць значныя праблемы для Еўропы.

ЗША прапануюць Еўропе заплаціць за бяспеку

Самалёты пятага пакалення ўжо стаяць на ўзбраенні ЗША – і амерыканцы гатовыя іх прадаваць хаўруснікам. F-35 Lightning II купляюць Аўстралія, Данія, Ізраіль, Італія, Нідэрланды, Нарвегія і Вялікая Брытанія.

Аднак новы прэзідэнт ЗША Дональд Трамп абвесціў пра свой намер прымусіць еўрапейцаў плаціць за сваю бяспеку – у прыватнасці выконваць патрабаванні НАТО па фінансаванні ўзброеных сіл – аддаваць 2 % валавога ўнутранага прадукту на абарону. Паводле Трампа, ЗША плацяць шмат грошаў за бяспеку сваіх еўрапейскіх хаўруснікаў, а ў адказ не атрымліваюць дастатковай удзячнасці.

Амерыканскія баявыя машыны пяхоты ў Эстоніі. Крыніца – Сілы абароны Эстоніі.

Акрамя таго, сярод амерыканскіх кансерватараў перамог той, чыя праграма была найбольш ізаляцыянісцкай – Трамп заклікае менш удзельнічаць у вайсковых аперацыях за мяжой і максімум увагі скіраваць на ўнутраныя справы.

Кантынентальны дуумвірат

Цяпер Еўропа мае сучасныя знішчальнікі ўласнай распрацоўкі, такія як французскі Rafal, шведскі Gripen ці створаны кансорцыумам з Нямеччыны, Італіі, Іспаніі і Вялікай Брытаніі Eurofighter. Аднак усё гэта машыны 4-га пакалення.

Лідары Еўразвязу – Францыя і Нямеччына – стаяць перад дылемай. З аднаго боку, ім трэба мадэрнізаваць свае ўзброеныя сілы, каб мець магчымасць годна адказваць на выклікі часу.

Ангела Мэркель і Доналд Трамп. Фота – Jonathan Ernst / REUTERS.

З іншага, яны не хочуць паказаць, што ідуць на саступкі Вашынгтона і аддаваць грошы ды ствараць працоўныя месцы амерыканскаму, а не свайму ваенна-прамысловаму комплексу.

Гэтыя адчуванні канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель перадала : «Еўрапейцы павінныя па-сапраўднаму ўзяць свой лёс у свае рукі, – перадавала гэтыя адчуванні пасля сустрэчы з Трампам напрыканцы траўня Ангела Мэркель. – Мы павінныя змагацца за сваю будучыню самастойна».

З чацвёртага – у шостае

У праект па стварэнні новай машыны могуць увайсці як мінімум Нямеччына, Францыя, Швецыя і Іспанія. Важную ролю ў распрацоўцы можа сыграць міжнацыянальны еўрапейскі гігант Airbus (адзначым, напрыклад, што менавіта ў ягоным складзе апынуліся інжынеры нямецкага Messerschmitt).

Канцэпт «баявой сістэмы будучага пакалення» Airbus.

Цалкам імаверна, што да працы запросяць шведскі Saab, французскі Dassault Aviation і брытанскую кампанію BAE Systems. У любым выпадку новая машына паступіць у войску вельмі няхутка і будзе вельмі дарагой.

Аднак ёсць верагоднасць, што Еўропе (у тым ліку і Беларусі) атрымаецца пераскочыць праз пятае пакаленне баявой авіяцыі, зрабіўшы стаўку на дроны – цалкам беспілотныя знішчальнікі і бамбавальнікі.

Вялікую колькасць праблем, якія вымушаныя вырашаць сучасныя ваенна-паветраныя сілы, можа зняць не стэлс, а пераход на цалкам кіраваную з зямлі баявую авіяцыю. Могуць знікнуць, напрыклад, абмежаванні па перагрузках, якія не мог ператрываць нават добра падрыхтаваны пілот, што дазволіць куды эфектыўней сыходзіць ад ракет манеўрамі самога беспілотніка.

Пытанне ў тым, ці будзе еўрапейскіх краін час на тое, каб перайсці з 4-га пакалення адразу на 6-е?

Аляксандр Гелагаеў

Стужка навінаў