Будаўніцтва касцёлу ў Котаўцы спыненае: «зялёныя» перамаглі вернікаў


Пасля пратэстаў эколагаў і мясцовых жыхароў высечку дрэў у скверы Котаўка пастанавілі спыніць. Цяпер улады сталіцы шукаюць новы ўчастак для будаўніцтва каталіцкага касцёлу ў Савецкім раёне. Пра гэта на прэс-канферэнцыі паведаміў старшыня Менгарвыканкаму Андрэй Шорац.

«З майго пункту гледжання, пытанне надуманае, асаблівай экалагічнай значнасці гэты сквер не мае. І калі б там зʼявілася святыня (а святыня – гэта заўсёды нейкае добраўпарадкаванне), ён бы аздобіў Котаўку, – выказаў сваё меркаванне Андрэй Шорац. – Але паколькі асобныя грамадскія арганізацыі падымаюць гэтае пытанне і людзі выступілі супраць, мы прыпынілі працы і, напэўна, будаваць там нічога не будзем. Прыбярэм спілаваныя дрэвы і прапануем гэтай арганізацыі, якая актыўна падымала людзей супраць высякання, прыняць такі ж актыўны ўдзел у добраўпарадкаванні скверу. Каб узялі рыдлёўкі і паказалі, што, акрамя стварэння карцінкі на камеру, яны ўмеюць яшчэ і працаваць, упрыгожваць раён».

Андрэй Шорац падкрэсліў, што гэта павінен быць не разавы суботнік. Эколагі мусяць узяць пастаяннае шэфства над скверам.

Што да новага месца для будаўніцтва касцёлу, то знайсці яго ў Савецкім раёне не так проста. «Святыню можна пабудаваць не ўсюды. Гэта павінна быць прыгожае месца, з добрай транспартнай даступнасцю, – растлумачыў старшыня Менгарвыканкаме. – Мы вывучаем новыя пляцоўкі. Што-небудзь прапануем».

З 8 лістапада да 2 снежня адміністрацыя Савецкага раёну Менску праводзіла грамадскія абмеркаванні забудовы Сельгаспасёлку. Мясцовыя жыхары лічаць, што план неабходна вярнуць на дапрацаванне, а потым перароблены праект паўторна абмеркаваць.

Суполцы «Рымска-каталіцкая парафія святых апосталаў Пятра і Паўла і святога Яўгена дэ Мазэна» ў кастрычніку выдалі новы дазвол на правядзенне будаўнічых работ у скверы Котаўка ў Сельгаспасёлку.

Мясцовыя жыхары і эколагі ўпэўненыя, што будаўніцтва касцёлу ў скверы – парушэнне палажэнняў рэгламенту генплану. Котаўка – зялёная зона, якая паводле рэгламенту генеральнага плану і плану дэталёвага планавання (ПДП) сталіцы не можа забудоўвацца.

Абаронцы скверу сабралі больш за 500 подпісаў пад зваротам супраць забудовы Котаўкі, а таксама пад заклікам да забудоўнікаў разгледзець альтэрнатыўныя пляцоўкі для будаўніцтва. Жыхары і актывісты таксама звярталіся ў выканкам, у Менгарвыканкам і наўпрост да кіраўніка Каталіцкага Касцёлу мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча, якога прасілі выбраць іншае месца для будаўніцтва.

«Зялёныя» актывісты і мясцовыя жыхары дзяжурылі ў парку ды не давалі высякаць дрэвы працаўнікам «Зелянбуду». Падчас блакавання праезду спецтэхнікі на аднаго з актывістаў наехаў трактар.

МЯ, паводле onliner.by

Стужка навінаў