Скарб, які знайшоў будаўнік у Горадні, ацанілі ў $ 19 500


Скарб знайшлі ў цэнтры Горадні 14 красавіка. Па выніках экспертызы адмыслоўцаў з мясцовага гісторыка-археалагічнага музею кошт знаходкі ацанілі ў $ 19 424, піша hrodna.life.

Самым дарагім прадметам стаў унікальны пярсцёнак з мальтыйскім крыжам, які ацанілі ў $ 1500.

Скарб знайшлі на гарышчы дома на тэрыторыі былога габрэйскага гета. Гэты будынак рэканструююць пад медычны цэнтр. Будаўнік Уладзімір Страковіч разбіраў дах і пад цэглай знайшоў металічную табакерку з польскім надпісам «Tytuń fajkowy specjalny». У табакерцы ляжалі 23 залатыя манеты, 11 пярсцёнкаў, ланцужкі, завушніца, абрэзаны медаль, зліткі золата, зубныя каронкі. Зверху ўсё было прыкрытая паперкамі для ўшчыльнення. Агульная вага скарбу склала больш за 400 грамаў.

Паводле закону, палова скарбу належыць дзяржаве, астатняе пароўну дзеліцца паміж чалавекам, які знайшоў скарб і ўласнікам будынку.

ЮВ, belsat.eu, паводле hrodna.life

Глядзі таксама
Каментары