Са зразумелых прычынаў суразмоўца belsat.eu папрасіў не называць яго прозвішча і імя.
– Я працую арматуршчыкам на «Белэнергабудзе». З Новага года сяджу ў катлаване, вяжу арматуру, заліваю бетон і стаўлю апалубку. Паўтара года ўжо на іх батрачу.
– Які ў вас заробак?
– Смеху варты, аж казаць не хочацца. Тры мільёны. Раней нармальна плацілі, нават да дзясяткі выходзіла, а цяпер дуля з маслам.
– А колькі дзён на месяц працуеце?
– Вахтамі працуем – раней было так, што 15 робіш і 15 дома. А цяпер усім змянілі кантракты, паставілі 20 дзён на месяц. Ну, бо бачаць, што няма вырабаткі, і па графіку адставанне. І не дзіўна. Каму ахвота за такія грошы ўкалваць. У мяне норма за дзень – звязаць 500 кг арматуры. Ды там касцямі ляжаш і не звяжаш. Зрабілі шалёныя нормы, каб плаціць менш. Раней за куб залітага бетону давалі мільён, а цяпер 16 тысяч. Валасы дыбам становяцца.
[vc_single_image image=”1″ img_size=”large”]
– А ёсць тыя, хто нармальна зарабляе?
– Кум, сват, брат… Разумееш? І самае цікавае, што яшчэ і крадуць гэтыя прарабы што дурныя. Аднаго ўжо злавілі і цяпер судзяць.
– А што ён краў?
– І блокі і цэмент, адным словам усё, што не так ляжыць. Жах што творыцца. Начальнікі дзярбаняць гэты бюджэт, хто як можа.
– Шмат людзей звальняецца?
– Вельмі шмат. Год таму 6000 чалавек працавала. Цяпер каля 4000. Я б таксама звольніўся, але ж ніхто не адпускае. Кажуць, няма каму працаваць. Маўляў, парушаеш кантракт, ды і гэта ж не выйсце, развярнуцца і пайсці, я ж не хачу, каб мяне па артыкуле звальнялі. Ды і куды пайсці? У нас тут на грузчыка конкурс 32 асобы. Працы ў горадзе няма. Спрабаваў напісаць заяву, а прараб сваю сраку прыкрывае і піша на заяве «азнаёмлены». Бо калі дасць дабро на мой сыход, яго нацягнуць па поўнай праграме.
[vc_single_image image=”3″ img_size=”large”]
– Не спрабавалі скардзіцца?
– На каго? Пісалі і ў Генеральную пракуратуру, і мясцовым чынушам, і да Лукашэнкі ў адміністрацыю. Пустое гэта ўсё. Пакуль не пачалася гэтая заварушка ва Украіне усё было нармальна. Дарэчы, у нас ледзь не кожны трэці на будоўлі – хахол. Нядаўна папрыязджалі. Для іх тры мільёны – неблагія грошы.
– Сям’я вялікая?
– Жонка і два сыны. Старэйшаму 27 і сам дае рады, а малодшы вучыцца. Сам разумееш, трэба ж на катлету якую даць, на праязны.
– А жонка дзе працуе?
– Транспарціроўшчыцаю. Плацяць капейкі. 2.5 мільёны – гэта пражытачны мінімум. Як тут жыць?
[vc_single_image image=”5″ img_size=”large”]
– Як вам падаецца, хто вінаваты, што заробкі пападалі?
– Слухай, ну вось ён падпісвае Закон аб дармаедах і паралельна скарачае людзей. Ну гэта не ідыёт? Ідыёт. Ён, канешне, нармальны прэзідэнт і дысцыпліну трымае, але ж не так… А парламент гэты, ну што яны там сядзяць? Я б на месцы Лукашэнкі пасадзіў гэтых дэпутатаў на заробак беларускага рабацягі. Вось тады яны б пачалі галавой думаць. Квартплата расце, усё расце, рабацягаў шчэмяць. Мне што, у шалаш цяпер ісці жыць?
– А хто больш вінаваты, Лукашэнка ці дэпутаты?
– Я табе гісторыю распавяду, як моладзь у нас на атамцы пра палітыку разважае. Адзін кажа: хлопцы, чаму карова сярэ ляпёшкамі, а каза гарошкамі? Усе адказваюць: не ведаем. Я да чаго вяду, калі не разбіраешся ў гаўне, нехер лезці ў палітыку.
– А на прэзідэнцкіх выбарах за каго будзеш галасаваць?
[vc_single_image image=”7″ img_size=”large”]
– Ён да Колі будзе правіць. Вось табе і выбары (смяецца). А калі сур’езна, ну з каго выбіраць? А што, калі прыйдзе нейкі балван і наробіць такой жа херні, як ва Украіне? Лукашэнка да такога не дапусціць. Глядзі, пасадзі такога дал..ёба як Парашэнка ў Беларусі. І паліецца кроў. Я служыў у Афгане. Ведаю, што такое страх і смерць. Карацей, я за дысцыпліну.
– Атрымліваецца вы самі за гэтую дысцыпліну і плаціце, атрымліваючы пражытачны мінімум…
– Я за дысцыпліну і годны заробак.
– Як бачым гэтага заробку няма ні ў вас і ні ў вашай жонкі.
– Лукашэнка б даў, але ж народ не патрабуе.
– А чаму?
– Відаць такі мы народ цярплівы. Даражэнькі ты мой, мы – рабы, і думаем як рабы, і заробак у нас рабскі. А рабы наколькі я ведаю вельмі маўклівыя істоты.
Фота: vk.com/bel.atom
Размаўляў Юрась Высоцкі, belsat.eu