БТ паказала сюжэт з допытам Паўла Шаройкі, якога КДБ вінаваціць у шпіянажы


Фрагмент запісу допыту ўкраінскага журналіста, а таксама кадры затрымання з’явіліся ў вечаровай праграме «Панарама».

Журналіст у сюжэце распавядае, што ў яго распараджэнні ёсць «фрагмент запісу допыту, дзе выведнік называе свайго каардынатара – украінскага дыпламата, акрэдытаванага ў Менску».

На запісы Шаройка нічога не кажа пра сваё затрыманне і мэты паездкі ў Менск, але распавядае пра падзеі мінулага года.

«У 2016 годзе яшчэ пры змене аператыўнага кіраўніка мяне перавялі з аддзелу, які займаўся журналістамі, якія працуюць пад прыкрыццём, у аддзел, дзе працуюць дыпламаты пад прыкрыццём. З чым гэта было звязана, мне да гэтага часу не зразумела, мяркую, што гэта рабілася напярэдадні прыезду ў Беларусь на пасаду першага сакратара пасольства Украіны палкоўніка Скварцова Ігара Васільевіча. Скварцова я ведаю яшчэ з часоў службы ў МА Украіны», – тлумачыць Шаройка.

У сюжэце таксама ёсць кадры «зусім сакрэтных» дакументаў і затрымання беларуса, які, паводле інфармацыі спецслужбаў, за грошы дапамагаў Шаройку.

Паўла Шаройку затрымалі 25 кастрычніка. Журналіст каля двух тыдняў не выходзіў на сувязь, спробы рэдакцыі датэлефанавацца да яго і ягоных сваякоў не далі выніку. 20 лістапада КДБ правёў экстраны брыфінг датычна сітуацыі з затрыманым карэспандэнтам «Украінскага Радыё». Журналісту інкрымінуюць «шпіянаж».

Народны дэпутат Украіны, каардынатар групы «Інфармацыйны супраціў» Дзмітры Тымчук заявіў, што журналіста Паўла Шаройку затрымалі на падставе падробленага дакумента. У Мінабароны Украіны абверглі прыналежнасць Паўла Шаройкі да органаў выведкі.

Днямі стала вядома, што ў Менску затрымалі яшчэ аднаго ўкраінца.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў