БТ паказала чарговую страшылку пра Белы легіён


Белтэлерадыёкампанія надалей палохае ўласных гледачоў «выкрывальнымі» журналістскімі расследаваннямі па «справе патрыётаў», або «справе беларускіх прафесійных баевікоў».

Скрыншот tvr.by

Прэмʼернае выданне тэлефільму ATH «для шырокага кола насельніцтва» пад назваю «Белы легіён чорных душаў» паказалі ў вечаровым эфіры дзяржаўнага тэлеканалу.

Гледачам паказалі цёплы прыём спадарыні А. у амбасадзе Беларусі ў Нямеччыне, а таксама перакрыты графікай ліст, у якім можа быць напісана ўсё, што заўгодна.

Скрыншот tvr.by
Тая самая беларуска фрау А.

Праехаліся і па незалежных медыях: «польскаму тэлеканалу Белсат», «радыё Свабода». Нават tut.by узгадалі. Незалежныя медыі, кажа БТ, «занялі подлую пазіцыю»: мала таго, што рабілі наўпроставую трансляцыю з месца падзеяў, дык пасля таго, як з’явілася інфармацыя пра рыхтаванне масавых закалотаў, усё роўна заклікалі людзей выйсці на вуліцы.

Прайшліся і па замежных журналістах: маўляў, няма чаго сюды прыязджаць, у свеце дастаткова другіх пунктаў пратэстнага руху. Таму і ўехалі дадому з пустымі рукамі. Трапілі на кавадла і эмігранты: Радзіна, Саннікаў, Бандарэнка.

Калі верыць тэлефільму АТН, то лідары беларускае апазіцыі зрабілі ўсё магчымае, каб не быць на волі на Дзень Волі. Паводле аўтараў фільму, Віталь Рымашэўскі, Анатоль Лябедзька, Юрась Губарэвіч, Павел Севярынец ды іншыя апазіцыянеры адмыслова паехалі ў невялічкія гарады, каб іх там арыштавалі. Бо не змаглі дамовіцца пра план дзеянняў на Дзень Волі з Мікалаем Статкевічам.

Дарэчы, і сам Мікола Статкевіч, паводле аўтараў прапагандыскай стужкі, хаваўся на кватэры ў сябра па партыі, і за гэты час «прыдумаў байку пра засценкі КДБ».

У фільме выкарыстаныя кадры допыту Андрэя Комліка-Ямаціна, які апошнім часам займаўся адраджэннем этнічных традыцыяў. Спадар Андрэй прызнаўся, што нібыта праходзіў падрыхтоўку для баевікоў ва Украіне.

Скрыншот tvr.by

Акрамя таго ў фільме паказваецца «Фраў А.» – немка беларускага паходжання, якая нібыта паведаміла беларускай амбасадзе, што беларуская апазіцыя рыхтуе крывавы дзяржаўны пераварот. Таямнічая жанчына, распавядаючы, што баевікоў рыхтавалі за межамі Беларусі, узгадвае (хвіліна 48) пра польскі след: «Гэтыя правакатары, мелі сваё выхаванне ў польскіх лагерах. Іх падтрымлівала і фінансавала ў тым ліку і Польшча».

Узгадалі і пра Курапаты. Маўляў, хлопцы не адстойвалі інтарэсы сваякоў загінулых і ніяк не абаранялі тэрыторыю ахоўнай зоны нацыянальнага некропалю, а вырашылі проста разгарнуць намётавы гарадок, каб чарговы раз націснуць на ўладу.

Бачна, што тэлефільм разлічаны на запалохванне ўражлівых грамадзянаў, якія бескрытычна глядзяць БТ, але больш – на тых, для каго экспертамі ва ўнутранай і вонкавай бяспецы з’яўляюцца актор Уладзімір Гасцюхін і музыка Анатоль Ярмоленка.

Таксама ў кадры некалькі разоў з’яўляўся псіхолаг, які адным пытаннем дазнаецца ў прадаўца шаўрмы ў Маскве, ці не з катоў робіцца ежа. Так, прынамсі, ён дадаў пасля прагляду інтэрвью Уладзіміра Някляева, якое той даў нашаму тэлеканалу з лякарні ў Берасці. Ды абагульніў: народны паэт хлусціць!

Спадар псіхолаг, імя якога пакуль невядомае, ацаніў па промароліку, што ў спартовым клубе «Патрыёт» дзецям прамывалі мазгі:

Трывогу выклікае візуальны і гукавы шэраг. Гэта ролік падрыхтоўкі шахідаў, – кажа невядомы псіхолаг.

Напрыканцы, як кажуць, без каментара, цытата вядоўцы, які каментуе хапун на Дзень Волі:

25 сакавіка людзей акуратна вымалі з вуліцы. 

Таму беларусы мусяць быць удзячныя міліцыі за «лёгкі шпацыр» і некалькі гадзінаў у пастарунках.

ВД, Belsat.eu

Стужка навінаў