Нават месца з 301 да 500 – гэта вынік абавязковага размеркавання, лічыць моладзевы актывіст Алесь Крот.
Прэсавая служба БДУ падае, што вучэльня – адзіная ў Беларусі, што патрапіла ў топ-500 міжнароднага рэйтынгу па працаўладкаванні выпускнікоў паводле версіі брытанскага агенцтва QS. Гэта праўда.
БДУ таксама піша, што паводле занятасці выпускнікоў універсітэт – на 115-м месцы ў свеце. Гэта няпраўда.
На старонцы агенцтва БДУ знаходзіцца паміж 301-й і 500-й пазіцыяй. То бок, галоўны ўніверсітэт Беларусі не ўвайшоў у трэцюю сотню.
«Гэта хутчэй не заслуга ўніверсітэту, а сістэмы з яе абавязковым размеркаваннем – моцным ідэалагічным складнікам дзяржавы», – кажа пра месца БДУ ў рэйтынгу Алесь Крот, старшыня Беларускага моладзевага савету «Рада».
Рэйтынг універсітэтаў па працаўладкаванні выпускнікоў Graduate Employability Rankings вылічваецца на падставе рэпутацыі ўніверсітэту сярод працадаўцаў і супрацы ВНУ з працадаўцамі, а таксама прафесійных дасягненняў выпускнікоў, узаемадзеяння працадаўцаў са студэнтамі і ўзроўню занятасці выпускнікоў.
Паводле Алеся Крата, супраца працадаўцаў з высокай школай (Partnerships with Employers per Faculty) у Беларусі выглядае пакуль слаба, а вучэльні выпускаюць не тых, каго патрабуе рынак.
«Тут галоўная праблема ў тым, што працадаўцы не прыцягваюцца Міністэрствам адукацыі да складання навучальных праграмаў і не адчуваюць сябе патрэбнымі», – кажа Алесь Крот.
Дзяніс Дзюба