Брытанцы не ведаюць, дзе зрабілі «Навічка»


Эксперты брытанскай ваеннай лабараторыі ў Портан-даўн не ўсталявалі, дзе менавіта было выраблена рэчыва, якім атруцілі Сяргея і Юлію Скрыпаль.

Кіраўнік лабараторыі Гары Эйткенхэд (Gary Aitkenhead) паведаміў, што эксперты ўсталявалі, што «Навічок» – нервова-паралітычнае рэчыва ваеннага прызначэння.

«Нашай задачай было даць навуковыя доказы таго, што гэта за нервова-паралітычны рэактыў, з якой ён менавіта сям’і. Мы даказалі, што гэта вайсковая зброя, а дзе яна была зробленая – было не нашай справай», – заявіў эксперт.

Паводле навукоўца, рэчыва – надзвычай складанае, каб зрабіць яго без дапамогі дзяржавы.

Sky News падае, што хімікі перадалі вынікі даследавання брытанскаму ўраду, які з дапамогаю шэрагу іншых крыніцаў зрабіў свае высновы. Паводле Эйткенхэда, апроч справаздачы хімікаў, урад выкарыстоўваў дадзеныя ад выведкі.

Былога супрацоўніка Сяргея Скрыпаля і ягоную дачку Юлію атруцілі нервова-паралітычным рэчывам 4 сакавіка ў горадзе Солсберы ў Вялікай Брытаніі.

Брытанцы заявілі, што атрута – хімічная зброя савецкай і расейскай вытворчасці «Навічок», і абвінавацілі ў нападзе Расею. Ніякіх доказаў Лондан да сёння не прадставіў.

Скрыпалі трапілі ў рэанімацыю ў стане комы.

У адказ на абвінавачванне Вялікая Брытанія, ЗША, Аўстралія, Украіна і два дзесяткі краінаў ЕЗ выслалі агулам 150 расейскіх дыпламатаў. Расея заявіла, што адкажа люстэркава.

На мінулым тыдні Юлія Скрыпаль пачала гаварыць.

ДД

Стужка навінаў