Брытанцы думаюць, як застацца ў Еўразвязе


Эксперты лічаць, што брытанцы толькі цяпер разумеюць, што зрабілі на рэферэндуме. І пачынаюць шукаць рашэння вярнуць усё назад.

Вялікая Брытанія атрымае доступ да супольнага еўрапейскага рынку толькі калі будзе выконваць правіла вольнага перамяшчэння. Пра гэта старшыня Рады Еўропы Доналд Туск паведаміў пасля заканчэння другой часткі саміту Еўразвязу. Сёння ўпершыню ён прайшоў без прадстаўніка Брытаніі.

«Лідары сёння зрабілі крыштальна чыстую выснову: доступ да адзінага рынку патрабуе прымання ўсіх чатырох свабодаў, уключна з свабодай перасоўвання», – заявіў Туск.

Лідары 27-мi краінаў таксама вырашылі, што зменаў у пагадненнях Еўразвязу ў сувязі з «Брэкзітам» быць не мусіць. На саміце казалі і аб тым, што цяпер еўрапейскія краіны маюць кансалідавацца яшчэ мацней. Даля Грыбаўскайце прапанавала абудзіцца і паглядзець, што адбываецца насамрэч.

«Сёння гаворка не пра Кэмэранa. Ён і Брытанія ведаюць, што рабіць пасля таго, што ўжо зроблена. Сёння гаворка пра нас, пра нашую еднасць і пра рыхтаванне да пераходнага перыяду», – кажа Грыбаўскайце.

Хоць учора Доналд Туск адзначыў, што варта пачакаць, пакуль у Брытаніі «асядзе пыл» пасля рэферэндуму, шмат хто з палітыкаў лІчыць, што і зацягваць нельга. Прэмʼер-міністр Бельгіі адзначыў, што Еўропа «не можа сабе дазволіць доўгага палітычнага крызісу». Яму туруюць іншыя гульцы еўрапейскай арэны. Прэм’ер-міністр Люксембургу Ксавіе Бэтэль адзначыў, што выхад з Еўразвязу – «гэта не статус у «Фэйсбуку», дзе можна напісаць «Усё складана». Трэба вырашаць – ці шлюб, ці развод».

Паўторнага шлюбу з Еўропай хацела б значная частка грамадзянаў Брытаніі – учора прайшоў першы, часткова стыхійны мітынг супраць «Брэкзіту». На ім сабраліся 9 тысячаў чалавек. А больш як 4 мільёны падпісалі петыцыю за правядзенне паўторнага рэферэндуму адносна «Брэкзіту». Аднак міністр працы Вялікай Брытаніі Стывэн Крэб, якога называюць імаверным пераемнікам Дэйвіда Кэмэрана, не падтрымлівае такой ідэі.

«Па-першае, давайце глядзець у твар фактам. На рэферэндуме выйшаў ясны вынік, што Абʼяднанае Каралеўства мае выйсці з Еўразвязу. Кроку назад быць не можа, урад мае ясныя інструкцыі. Другога рэферэндуму не будзе», – сказаў Крэб.

Тым часам за рашэнне брытанцаў ужо расплачваецца сусветная эканоміка. Паводле агенцтва «Bloomberg», «Брэкзіт» каштаваў фондавым рынкам рэкордную суму – тры трыльёны долараў. Еўрапейскія банкі таксама рыхтуюцца да зменаў.

«Рынкі спекулююць на часе, бо ў кароткай перспектыве Брытанія не пачне юрыдычнага працэсу выхаду з Еўразвязу. І хоць палітыкі ў Бруселі са смелым выглядам кажуць, каб Брытанія выходзіла, гэта толькі словы», – кажа Робэрт Гальфэр, кіраўнік дэпартаменту рынкавага аналізу банку «Baader».

«Гэта толькі словы»

«Таемна яны шукаюць рашэння, як Брытанія можа застацца ў Еўразвязе, пакінуўшы яго», – кажа эксперт.

Тым не менш, Доналд Туск папярэджвае, што ўнутранага еўрапейскага рынку a’la carte не будзе. А гэта акурат тое, чаго дамагаюцца шмат якія брытанскія палітыкі, што прагнуць абмежаваць прыток мігрантаў, пры гэтым захаваўшы гандлёвыя сувязі.

Глядзіце відэаверсію матэрыялу Марыны Вашкевіч у выданні праграмы «Свет»

[/vc_column_text][vc_video link=”https://youtu.be/t5VFHdm0pl4?t=3m31s”][/vc_column][/vc_row]

Стужка навінаў