Брытанскія СМІ: Скрыпаля мог атруціць былы афіцэр ФСБ з кодавым імем Гардон


Былога палкоўніка ГРУ Сяргея Скрыпаля і ягоную дачку мог атруціць 54-гадовы экс-афіцэр ФСБ, які мае кодавае імя Гардон, паведамляюць брытанскія медыі са спасылкай на паліцыю. Мяркуецца, што мужчына таксама выкарыстоўвае імя Міхаіл Савіцкіс, а таксама іншыя псеўданімы.

Пра Гардона стала вядома пасля пяцігадзіннага допыту ў лонданскай паліцыі перабежчыка з КДБ Барыса Карпічкова, які паведаміў брытанскаму выданню «Sunday People», што ён і Гардон перасякаліся яшчэ ў 90-ых.

Барыс Карпічкоў. Фота – mirror.co.uk

«Ён быў вельмі разумным, адукаваным, амбіцыйным і бязлітасным чалавекам, – сказаў Карпічкоў. – А таксама прадстаўнічым і хутка мог заваяваць давер незнаёмца».

Карпічкоў паведаміў, што Гардон вывучаў баявыя мастацтвы і атрымаў дыплом юрыста ў Рыжскім універсітэце. Гардон выкарыстоўваў у якасці прыкрыцця вобраз паспяховага бізнэсмэна ў галіне бяспекі. Паводле Карпічкова, Гардон уваходзіць у лік афіцэраў дзеючага рэзерву ФСБ, якія ажыццяўляюць спецыяльныя аперацыі.

Сяргей Скрыпаль і ягоная дачка былі атручаныя ў горадзе Солсберы на поўдні Англіі. Вялікая Брытанія абвінаваціла ў атручванні Расею.

ЮВ, belsat.eu, паводле mirror.co.uk

Стужка навінаў