Брытанскі закладнік зрабіў здымак са згоншчыкам EgyptAir, каб бліжэй разгледзець бомбу


26-гадовы Бэн Інэс з Лідсу, чыё фота з Сэіфам Эльдынам Мустафой у камізэльцы самагубцы стала нагодаю для саркастычных мемаў, патлумачыў, што падштурхнула яго на гэткі не зусім відавочны крок.

Мужчына, які быў сярод апошніх пасажыраў, вызваленых Мустафой, хацеў «бліжэй разгледзець выбухоўку смяротніка». 

«Я папрасіў аднаго з членаў экіпажа перакласці для мяне і спытаць у яго, ці ён зробіць са мною сэлфі. Ён толькі паціснуў плячыма і сказаў добра. Таму я ўсміхнуўся ў камеру, пакуль сцюардэса рабіла здымак. Гэта мелася быць найлепшае сэлфі, якое калі-небудзь зрабілі. Я падумаў, калі яго бомба сапраўдная, я і так нічога не страчу», – распавёў ён газеце «The Sun».

Сэіф Эльдын Мустафа, які ўтрымлівай лайнер авіякампаніі «EgyptAir» цягам шасці гадзінаў, добраахвотна вызваліў усіх закладнікаў і здаўся паліцыі. Яго пояс смяротніка быў муляжом.

ДР, belsat.eu

Стужка навінаў