Брытанскі прэм'ер шкадуе аб сваіх словах пра «вуркатанне» каралевы Элізабэт ІІ


Прэм’ер-міністр Вялікай Брытаніі Дэйвід Кэмэран папрасіў прабачэння перад каралевай Элізабэт II за свае словы пра тое, што тая «завуркатала», даведаўшыся вынікі шатландскага рэферэндуму аб незалежнасці, паведамляюць брытанскія медыі.

Брытанскі прэм’ер паведаміў, што яго «кабінет ужо звязаўся з Букінгемскім палацам, каб праясніць сітуацыю».

«Я вельмі збянтэжаны гэтым. Мне вельмі шкада. Гэта была прыватная размова, але, вядома, такой прыватнай размовы не мусіла быць, і падобнае больш не здарыцца», – заявіў Кэмэран.

Размова, пра якую ідзе гаворка, адбылася паміж прэм’ерам Вялікай Брытаніі і былым мэрам Нью-Ёрку Майклам Блумбергам у аўторак.

«Азначэнне слова «палёгка» – гэта калі ты, прэм’ер-міністр Вялікай Брытаніі, тэлефануеш каралеве і кажаш: «Усё ў парадку». Гэта было нешта. Яна завуркатала на тым канцы лініі», – сказаў кіраўнік брытанскага ўраду Блумбергу.

У пачатку верасня Букінгемскі палац выступіў з заявай, у якой, у прыватнасці, гаварылася, што каралева Вялікай Брытаніі Элізабэт ІІ захавае бесстаронні падыход да планаванага тады рэферэндуму ў Шатландыі.

Паводле канчатковых вынікаў галасавання, якое прайшоў 18 верасня, супраць абвяшчэння незалежнасці Шатландыі выступілі 55,3% жыхароў гэтага рэгіёну. За незалежнасць прагаласавалі 44,7% шатландцаў.

МЯ, belsat.eu, паводле interfax.by

Стужка навінаў