Брытанія абвесціла пра вайсковую дапамогу Украіне ў $ 1,3 млн


Вялікая Брытанія найбліжэйшым часам накіруе ва Украіну партыю вайсковай дапамогі для ўмацавання абараназдольнасці перад расейскай агрэсіяй, сказаў брытанскі міністр абароны Майкл Фэлан.

Міністэрства абароны Брытаніі на сваім сайце аб’явіла, што ў бліжэйшы час бясплатна перадасць Узброеным сілам Украіны вайсковае абсталяванне на агульную суму 850 тыс. фунтаў ($ 1,3 млн), падае Бі-бі-сі.

У заяве Мінабароны Вялікай Брытаніі сказана, што партыю дапамогі ўкраінскаму войску перададуць на просьбу ўладаў у Кіеве.

У склад дапамогі ўвойдуць палявыя аптэчкі, прыборы начнога бачання, каскі, сістэмы GPS і звышмоцныя камп’ютары.

«Гэты дар несмяротнага абсталявання мусіць не дапусціць новых стратаў з украінскага боку і палепшыць арыентацыю ў сітуацыі на месцы. Наша канчатковая мэта – умацаваць абаронную моц украінскіх узброеных сілаў», – гаворыцца ў заяве Міністэрства абароны Вялікай Брытаніі.

У мінулым месяцы брытанскі ўрад абвесціў, што накіруе ва Украіну 75 вайсковых інструктараў.

Міністр абароны Брытаніі Майкл Фэлан раней заявіў, што Расея выкарыстоўвае ўсход Украіны як вучэбную пляцоўку для сваіх войскаў.

МЯ, belsat.eu, паводле bbc.co.uk

Стужка навінаў