Брытанец распачаў галадаванне ў беларускай турме


Алан Сміт, брытанец курдскага паходжання, адбывае пакаранне ў выглядзе двух гадоў пазбаўлення волі ў Беларусі. Яго жонка не можа сказаць, што з’яўляецца прычынай пачатку галадавання, таму што не мае ніякага кантакту з мужам з лютага.

Сміта, які абараняе правы зняволеных, пазбавілі права тэлефанавання і перапіскі. Ягоная жонка – Магдалена Воліньска, якая паходзіць з Польшчы – даведалася пра галадаванне неафіцыйна ад сваякоў іншага вязня, адбывае пакаранне ў папраўчай калоніі «Віцьба-3» каля Віцебску. На ейную думку, павінна было здарыцца нешта вельмі сур’ёзнае, што прывяло мужчыну да такога кроку – бо да заканчэння ягонага турэмнага тэрміну заставалася крыху больш за 3 месяцы. Паводле яе здагадкі, Сміт мог распачаць галадаванне, напрыклад, у знак пратэсту супраць перакідвання ў карцэр ягонага найлепшага прыяцеля ў зняволенні.

Чытайце таксама:

На думку жанчыны, справа не звязаная з галадаваннем Алега Сянцова – украінскага вязня, якога ў Расеі абвінавацілі ў тэрарызме. Магдалена Воліньска мяркуе, што ейны муж настолькі ізаляваны ад знешняга свету, што пра галадаванне Сянцова можа папросту не ведаць. Жанчына звярнулася да брытанскай амбасады ў Менску з просьбай як мага хутчэй выйсці на кантакт з вязнем. Яна падкрэслівае, што падчас знаходжання ў беларускай турме Сміт страціў 20 кілаграмаў, а таму галаданне можа мець для яго вельмі негатыўныя наступствы.

Сміт у сваёй турыстычнай кампаніі займаўся працягненнем права знаходжання ў Беларусі іракцам, у якіх скончылася турыстычная віза. Заявіў, што за набыццё адной групе квітку на цягнік Берасце-Тэрэспаль, яго абвінавацілі ў аказанні дапамогі ў арганізацыі незаконнага каналу перавозкі людзей праз мяжу.

Паводле Віцебскага праваабаронцы Паўла Левінава, на Сміта маглі нагаварыць людзі, якім ён дапамагаў альбо беларусы, якіх абвінавацілі ў межах той жа самай справы. Алан Сміт сцвярджае, што яго замяшалі ў справу, не маючы доказаў. Сваю віну ён не прызнаў, а таму не можа прэтэндаваць на датэрміновае вызваленне.

Jb/НМ, belsat.eu

Стужка навінаў